ко́рчык 1, ‑а, м.
Памянш. да карэц; невялікі карэц. [Максім] кінуўся да вядра, прынёс корчык вады і працягнуў Машы. Мележ.
ко́рчык 2, ‑а, м.
Памянш. да корч; невялікі корч. На камінку гарыць корчык. Колас.
ко́ршак, ‑а і карша́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і ястраб. Высока-высока ў небе, распластаўшы крылы, кружыў коршак. Даніленка. Толькі адзін Андрэй адважваўся ўзлезці на самую верхавіну дуба і, пакуль старыя каршакі гойсалі дзе-небудзь, шукаючы здабычы, пабраць каршачанят у кішэню. Лобан.
коса... (а таксама каса...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «косы (касы)», напрыклад: косапрыцэльны.
косавуго́льнік, ‑а, м.
Цела або фігура з непрамымі вугламі.
косавуго́льны, ‑ая, ‑ае.
З непрамымі вугламі. Косавугольны трохвугольнік.
ко́сачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Нар.-паэт. Памянш.-ласк. да каса 1; невялічкая каса. Каса ж мая, косачка, каса русая! Часала я косачку дзевятнаццаць год. З нар.
ко́сінус, ‑а, м.
Адна з трыганаметрычных функцый — сінус дадатковага вугла.
[Ад лац. co — разам і sinūs — крывізна, выгіб.]
ко́ска 1, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк. да каса 1; невялікая каса. Вось сядзіць насупраць Дубовіка дзяўчына з акуратна заплеценымі коскамі і банцікамі. Сергіевіч.
ко́ска 2, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк. да каса 2; невялікая каса 2. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас.
ко́ска 3, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы. Узяў [Віктар Аляксеевіч] ручку, старанна выцер кавалачкам паперы пяро і вельмі акуратна выправіў адну памылку і паставіў дзве коскі. Шамякін.
•••
Кропка з коскай гл. кропка.