Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ло́цман, ‑а, м.

1. Асоба, якая добра ведае мясцовыя ўмовы плавання і праводзіць судны па фарватэры. Морскі лоцман. Рачны лоцман. □ Салул і яго сябры .. здолелі правесці карабель там, дзе не правёў бы яго самы спрактыкаваны лоцман. «Полымя».

2. Невялікая марская рыба сямейства стаўрыдавых, якая суправаджае на далёкія адлегласці караблі і буйных рыб.

[Гал. loodsman.]

ло́цманскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лоцмана, лоцманаў. Лоцманская справа.

ло́цыя, ‑і, ж.

Навігацыйны дапаможнік з апісаннем мораў, рэк, гідралагічных, метэаралагічных і інш. умоў. Лоцыя Каспійскага мора.

[Ад гал. loodsen — весці карабель.]

луб, ‑у, м.

1. Валакністая частка кары дрэў, па якой перамяшчаюцца арганічныя і мінеральныя рэчывы.

2. Палоска такой кары ліпы, вяза. З лубу, пасля належнай апрацоўкі, вілі вяроўкі. Дубоўка.

3. Спец. Валокны лёну, канопляў і пад., якія ідуць на выраб тэкстыльнай сыравіны.

лубае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Жук сямейства караедаў, шкоднік лесу.

лу́бачны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з лубу (у 2 знач.); лубяны. Лубачная каробка.

2. Надрукаваны з лубка (у 4 знач.). Лубачная карціна.

3. Які мае адносіны да таннай прымітыўнай літаратуры, што выдавалася ў дарэвалюцыйнай Расіі для простага люду.

лу́бін, ‑у, м.

Аднагадовая або шматгадовая травяністая расліна сямейства бабовых, якая высяваецца для ўгнаення і на корм жывёле.

[Лац. lupinus — воўчы.]

лу́бінавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лубіну. Лубінавы папар. // Прыгатаваны з лубіну, з лубінам.

лубо́к, ‑бка, м.

1. Тое, што і луб (у 2 знач.). На .. [ўслоне] вядро драўлянае, а каля вядра з лубка каробка. Галавач.

2. Тое, што і лубянка. Дзяўчаты ж запяваюць звонка песню Ды йдуць гурмою з лубкамі ў руках: Суніцы сакавітыя на ўзлессі! Кірэенка.

3. звычайна мн. (лу́бкі, ‑оў). Тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца касцявога пералому. Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль.

4. Ліпавая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання. // Надрукаваная з такой дошкі карціна, якая вызначалася прастатой і даступнасцю вобразаў.

лубяне́ць, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца цвёрдым, нягнуткім, падобным на луб. Удзень наплывала вада ў акопы, салдацкія валёнкі і шынялі прамакалі, а ўвечары, калі пачынаўся мароз, адзенне так лубянела, што ў ім нельга было паварушыцца. Дудо.