Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ло́таць, ‑і, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых з жоўтымі кветкамі, якая расце на балотах, берагах сажалак і інш. За ракою, дзе ўчора Снег вясна мяла, Сёння залатое мора — Лотаць расцвіла. Лойка.

ло́тлінь, ‑я, м.

Трос, вяроўка, прымацаваныя да грузу лота ​1.

[Гал. loodlijn.]

ло́тра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю). ж.

Разм. лаянк. Тое, што і латруга.

лоўж, лаўжа, м.

Галлё, скінутае ў кучу; куча галля. Іпатыч і Гіль падбіралі ссечаныя галіны і сцягвалі ў лоўж. Гамолка. Драбналессе было старанна высечана. Яно сохла ў маленькіх лаўжах. Сачанка.

ло́ўкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць лоўкага.

ло́ўкі, ‑ая, ‑ае.

Спрытны, умелы. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел прывычных палешукоў і паляшучак. Колас. Баратар не знаў раўкі — Да таго быў лоўкі. Гілевіч.

ло́ўля, ‑і, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. лавіць (у 2 знач.).

ло́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Прывучаны да лоўлі птушак і звяроў. Лоўчыя сабакі. // Прызначаны для лоўлі птушак і звяроў. Лоўчыя ямы.

2. у знач. наз. ло́ўчы, ‑ага, м. У Маскоўскай Русі і памешчыцкім побыце — той, хто ведаў псовым паляваннем, рыбнай лоўляй.

лох ​1, ‑у, м.

Род кустовых ці дрэвавых раслін з серабрыстымі лістамі, духмянымі кветкамі і пераважна прыгоднымі для ежы пладамі; дзікая масліна.

лох ​2, ‑а, м.

Самец сёмгі ў перыяд нерасту.

[Ад фін. lohi — ласось, сёмга.]

ло́хавы ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лоху ​1. Лохавы куст.

2. у знач. наз. ло́хавыя, ‑ых. Сямейства дрэў або кустоў, да якога адносяцца лох, абляпіха і пад.

ло́хавы ​2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лоху ​2. Лохавая ікра.