Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ко́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая вяроўка, на якой ганяюць коней па кругу пры выездзе, абучэнні. На манежнай пляцоўцы ганялі на кордзе коней. Караткевіч.

корж, каржа, м.

Прэснае, сухое печыва з мукі; праснак. Пячы каржы.

ко́ржык, ‑а, м.

1. Памянш. да корж.

2. Салодкі кандытарскі выраб; род пячэння. Бабуля частавала мяне коржыкамі і арэхамі ў мёдзе. Бядуля.

ко́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Зацвярдзелы верхні слой чаго‑н. Ледзяная корка. □ Цяпер ужо не адзін Алесь шнураваў па снезе, ломячы шчыльную корку шарону. Шынклер.

ко́ркавы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да корку (у 1 знач.). // Зроблены з корку. Коркавы пояс. Коркавая ручка. Коркавая падэшва.

•••

Коркавае дрэва гл. дрэва.

ко́ркавы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кары галаўнога мозга. Коркавае рэчыва.

корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.

Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове. Васілевіч. // звычайна мн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.

•••

Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.

Дражджаваныя кармы — кармы, прыпраўленыя кармавымі дражджамі.

Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.

Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах. В. Вольскі.

Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.

На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме. Новікаў.

корма... (а таксама карма...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «корм», напрыклад: кормавытворчасць.

кормавытво́рчасць, ‑і, ж.

Вытворчасць кармоў для жывёлы.

кормазаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Завод, які нарыхтоўвае корм для жывёлы.

кормазагру́зчык, ‑а, м.

Машына для транспарціроўкі і загрузкі сыпкіх кармоў у бункеры на жывёлагадоўчых фермах.