каламу́та, ‑ы, ДМ ‑муце, ж.
Тое, што і каламуць. Мінута, яшчэ мінута — Адстоіцца каламута... Лойка.
каламу́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць каламутнага. Відаць было па каламутнасці неба, што фабрычныя коміны пазвычайнаму сапуць густымі камякамі дыму. Гартны.
каламу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Непразрысты, мутны (пра вадкасць і інш.). Палявая дарога ў момант раскісла, усюды пабеглі ручайкі, і ў калдобінах заблішчэлі каламутныя лужыны. Сачанка. Гаспадар таксама прымайстраваўся з краёчку стала і паліў мне поўную шклянку нечага каламутнага, рудога. Сабаленка.
2. перан. Ахутаны заслонай туману, снегу, дажджу і пад. Каля Батаніна праляцела некалькі трасіруючых куль і пагасла ў каламутнай далечыні. Дудо. Прасторы былі белаватыя, каламутныя і непрыглядныя. Крапіва.
•••
У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.
каламу́ціцца, ‑ціцца; незак.
Рабіцца каламутным.
каламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; незак., што.
1. Муціць, рабіць каламутным. [Хлапчукі] боўталі моцна нагамі, каламуцілі ваду, а Федзя здзіўлена пазіраў на іх і ўсміхаўся. Ваданосаў.
2. перан. Выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну. [Кацярына:] Быў сябар, а цяпер разбойнік. Такія ж толькі свет каламуцяць. Крапіва.
•••
Каламуціць (муціць) ваду — тое, што і каламуціць (у 2 знач.).
каламу́ць, ‑і, ж.
1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай і мутнай; муць, каламута. У балоце ці возеры злучэнні жалеза асядаюць бурай каламуццю на дно, утвараючы руду. Штыхаў.
2. перан.; чаго або якая. Непраглядная заслона; імгла. Пукі святла на некалькі метраў прабіваюць туманную каламуць. Кавалёў. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. // Пра ўсё незразумелае, заблытанае, беспарадачнае. — Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Шамякін.
3. перан. Зацямненне свядомасці, памяці. Далей у Мікіты Мінавіча пачыналіся нейкія правалы, туманам і прыкрай каламуццю засцілаліся ўсе падзеі. Кулакоўскі.
каламы́йка, ‑і, ДМ ‑мыйцы; Р мн. ‑мыек; ж.
1. Украінская народная песенька тыпу прыпеўкі. Звоняць каламыйкі прыкарпацкія, Боцікі тупочуць гарачай. Панчанка.
2. Украінскі гуцульскі масавы танец.
каламя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Густая моцная льняная тканіна.
каламя́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з каламянкі. Каламянкавы касцюм.
кала́н, ‑а, м.
Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства куніцавых, якая водзіцца на марскіх узбярэжжах Далёкага Усходу. // Каштоўнае футра гэтай жывёліны.