Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.

1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.

лепяту́н, лепетуна, м.

Разм. Той, хто ляпеча, невыразна гаворыць.

лепяту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Жан. да лепятун.

ле́ра, ‑ы, ж.

Уст. Ліра ​1 (у 2 знач.). У спевы ўпляталіся рыпучыя галаслівыя гукі леры. Мурашка. Рукі мерна корбу леры круцяць. Ліхадзіеўскі.

ле́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Спец. Інструмент для нарэзвання вонкавай разьбы; прагонка.

ле́рнік, ‑а, м.

Уст. Лірнік.

лес, ‑у; мн. лясы, ‑оў; м.

1. Дрэвы на корані, якія займаюць значную прастору; масіў зямлі, зарослы дрэвамі. Лісцевы лес. Хваёвы лес. Трапічны лес. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. // перан. Вялікая колькасць, мноства якіх‑н. прадметаў, якія ўзвышаюцца над чым‑н. Лес мачтаў. □ Маша спакойна села на месца, а ў зале падняўся лес рук. Гроднеў.

2. зб. Спілаваныя дрэвы як будаўнічы, вырабны і пад. матэрыял. Праходзяць чыгуначныя саставы з лесам, цэментам, жалезам. «Маладосць». [Да вайны] па рэчцы сплаўлялася шмат драўніны, будаўнічага лесу. М. Ткачоў.

•••

Карабельны лес (бор) — лес з высокіх мачтавых дрэў, якія выкарыстоўваюцца ў суднабудаванні.

Нестраявы лес — крывы, каржакаваты лес, непрыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Страявы лес — высокі стройны лес, прыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Чорны лес — лісцевы лес.

Чырвоны лес — хваёвы лес.

Воўк (мядзведзь) у лесе здох гл. воўк.

Глядзець (пазіраць) у лес гл. глядзець.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Расці на лес гледзячы гл. расці.

Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.

Цёмны лес для каго — пра што‑н. абсалютна незнаёмае, незразумелае.

Як у цёмным лесе — не разумець, не разбірацца ў чым‑н.

леса...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «лес», «лясны», напрыклад: лесаразвядзенне, лесазавод.

лесаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з апрацоўкай лесу.

лесаахо́ва, ‑ы, ж.

Ахова лесу (у 1 знач.).