лес, ‑у; мн. лясы, ‑оў; м.
1. Дрэвы на корані, якія займаюць значную прастору; масіў зямлі, зарослы дрэвамі. Лісцевы лес. Хваёвы лес. Трапічны лес. ▪ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. // перан. Вялікая колькасць, мноства якіх‑н. прадметаў, якія ўзвышаюцца над чым‑н. Лес мачтаў. ▪ Маша спакойна села на месца, а ў зале падняўся лес рук. Гроднеў.
2. зб. Спілаваныя дрэвы як будаўнічы, вырабны і пад. матэрыял. Праходзяць чыгуначныя саставы з лесам, цэментам, жалезам. «Маладосць». [Да вайны] па рэчцы сплаўлялася шмат драўніны, будаўнічага лесу. М. Ткачоў.
•••
Карабельны лес (бор) — лес з высокіх мачтавых дрэў, якія выкарыстоўваюцца ў суднабудаванні.
Нестраявы лес — крывы, каржакаваты лес, непрыдатны для ўзвядзення будынкаў.
Страявы лес — высокі стройны лес, прыдатны для ўзвядзення будынкаў.
Чорны лес — лісцевы лес.
Чырвоны лес — хваёвы лес.
Воўк (мядзведзь) у лесе здох гл. воўк.
Глядзець (пазіраць) у лес гл. глядзець.
За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.
Расці на лес гледзячы гл. расці.
Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.
Цёмны лес для каго — пра што‑н. абсалютна незнаёмае, незразумелае.
Як у цёмным лесе — не разумець, не разбірацца ў чым‑н.