Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лесаахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аховы лесу, лесанасаджэнняў. Лесаахоўныя станцыі. Лесаахоўная паласа.

лесаачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Ачыстка лесу ад буралому, сухастою і пад.

2. Ачыстка пэўнай тэрыторыі ад лесу, сучча і пад.

лесабі́ржа, ‑ы, ж.

Лясная біржа — месца, дзе часова захоўваюцца лесаматэрыялы.

лесаві́к, ‑а, м.

Разм.

1. Чалавек, які звычайна жыве ў лесе, займаецца лясным промыслам, паляваннем. [Стары Міхайла], спрадвечны лесавік, не можа бачыць замест гордых і прыгожых дрэў — голыя пні. Кучар.

2. Лясун. Колькі казак расказвалі [Васілінцы] пра густы цёмны лес! Там водзяцца лесавікі, што хапаюць непаслухмяных дзяцей. Ус.

лесаві́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да лесавік (у 1 знач.).

лесаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне лесаводства.

лесаво́дства, ‑а, н.

1. Навука пра жыццё і вырошчванне лесу. Кніга па лесаводству.

2. Вырошчванне лясоў як галіна раслінаводства.

лесаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лесаводства, звязаны з ім.

лесаво́з, ‑а, м.

Від транспарту (аўтамабіль, судна) для перавозкі лесу (у 2 знач.). Сумёты раскінуўшы ў гонкім бары, Вядзе лесавозы бульдозер. А. Александровіч.

лесаво́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да перавозкі лесу (у 2 знач.); які служыць для яго перавозкі. Лесавозны транспарт. Лесавозныя дарогі.