Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́злы, ‑аў; адз. няма.

1. Сядзенне для фурмана ў перадку экіпажа. — У горад, бацька — сказала.. [Алаіза Пашкевіч] старому, што кляваў носам, седзячы на козлах. С. Александровіч.

2. Прыстасаванне для пілавання дроў у выглядзе бруса на чатырох ножках, збітых крыж-накрыж. Яшчэ з раніцы Еўдакім паклікаў Юрку на дрывотнік. Тут стаялі козлы, на іх ляжала навостраная піла. Курто. // Падстаўка такой формы для ўсякіх іншых мэт. Пад адным з .. [дубкоў] стаяў збіты наспех стол на козлах. Мележ. Большасць трактароў, уведзеных у майстэрню, ужо была разабрана: адзін стаяў на козлах, без матора і кабіны, побач ляжалі на падлозе гусеніцы. Хадкевіч.

3. Спосаб расстаноўкі вінтовак у адным месцы па 3–6 штук крыж-накрыж з апорай на прыклад, штыкамі ўверх. Саставіць вінтоўкі ў козлы.

ко́зыр, ‑а, м.

1. Карта той масці, якая лічыцца старшай і б’е любую карту другіх масцей. Біць козырам. Хадзіць з козыра.

2. Пра тое, што можа даць у неабходны момант перавагу ў чым‑н. Мадэрністы, калі іх лаюць за гвалт над здаровым сэнсам, любяць выстаўляць адзін козыр: гэта арыгінальна! У. Калеснік.

•••

Козыр біты чый — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Усе козыры ў руках у каго — хто‑н. мае ўсё неабходнае для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

Хадзіць козырам гл. хадзіць.

ко́зыт, ‑у, М ‑зыце, м.

Адчуванне лёгкага нервовага раздражнення, якое выклікаецца дотыкам да скуры. Хлопчык смяяўся ад бацькавага козыту, адпіхваў ручкамі твар, а Анатоль усё цалаваў і цалаваў: шчочкі, лоб, шыю, грудзі. Пальчэўскі.

ко́зытна, безас. у знач. вык., каму-чаму.

Пра адчуванне козыту. Таццяна бачыла, што Тані ўсё ж козытна, але яна не хоча прызнацца і мацуецца. Васілёнак.

кок 1, ‑а, м.

Повар на судне.

[Гал. kok.]

кок 2, ‑а, м.

Від мужчынскай прычоскі — начэсаная або закручаная пасма валасоў над ілбом.

[Ад фр. coq — певень.]

кок 3,

гл. кокі.

ко́ка 1, ‑а, н.

Дзіц. Яйцо.

ко́ка 2, ‑і, ДМ коцы, ж.

Тое, што і какаінавы куст (гл. куст).

[Ісп. coca.]

ко́кан, ‑а, м.

Абалонка з шаўковай тонкай ніці, якой абмотвае сябе вусень перад ператварэннем у кукалку. Шаўкавічны кокан.

[Фр. cocon.]

кокана...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «коканавы», «кокан», напрыклад: коканаматанне, коканасушылка, коканапрад.

ко́канавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кокана. Коканавая ніць.

коканамата́нне, ‑я, н.

Атрыманне шоўку-сырцу шляхам змотвання нітак з коканаў.