імга́, ‑і, ДМ імзе, ж.
Абл. Імгла. Дробны дожджык церушыцца аднекуль зверху. Дождж не дождж, а так нейкая дажджлівая імга. Лынькоў. А туман, імга пустая Цяжка звісла над сялом. Колас.
імгла́, ‑ы, ж.
1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.
2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.
3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.
4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.
імглі́сты, ‑ая, ‑ае.
Зацягнуты імглой; з імглой. Імглістае паветра. Імглістае неба. □ Стаяла імглістая зімовая раніца. Лупсякоў. Вецер б’е ў нямы курган, — Шапаціць імглісты бор. Купала. // Няяркі, няясны, пакрыты імглой. Імглістыя зоркі. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак.
імглі́цца, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Тое, што і імгліць. Імгліцца дожджык, Зямля разбухла. Панчанка. І дзень і ноч імгліцца дождж. Машара. З раніцы хмурыцца, хмарыцца, падвечар — імгліцца. Барадулін.
2. Засцілацца, ахутвацца імглой. Далеч снежная імгліцца. Звонак.
імглі́ць, ‑ліць; незак.
Ісці, падаць вельмі дробнымі частымі каплямі (пра дождж); імжэць. Дробны дожджык бесперастанку, Як скрозь сіта, ўсё імгліць. Колас. / у безас. ужыв. На дварэ пачало імгліць.
імгне́нне, ‑я, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; міг, момант. З табою век імгненнем здасца, З табою час плыве, бы ў казцы, Сама ты — казка, дзіўны сон. Лойка. Юрка сеў. Нейкае імгненне ў класе панавала цішыня. Курто.
•••
У адно імгненне — тое, што і у адзін міг (гл. міг).
У імгненне вока — надта хутка, адразу ж.
імгне́нны, ‑ая, ‑ае.
Які раптоўна ўзнікае. Імгненнае рашэнне. Імгненная рэакцыя. □ Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. // Які хутка праходзіць; кароткачасовы. Імгненны сон. Імгненная радасць. □ Пачулася чырканне крэсіва, пасыпаліся іскры, і ў гэтым імгненным святле на момант з’явіўся і знік вусаты, гарбаносы твар Кверквелія. Самуйлёнак.
імельма́н, ‑а, м.
Фігура вышэйшага пілатажу; пераварот самалёта цераз крыло ў верхнім пункце мёртвай пятлі. На сярэдніх вышынях.. Бураў закруціў мёртвую пятлю і імельман. Алешка.
[Ад уласн. імя.]
і́менна, часціца.
1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу. Шыцік. [Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. В. Вольскі.
2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Чарнышэвіч. / У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер... Брыль. // Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.
3. (часта ў спалучэнні з «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Баранавых.
іме́нне, ‑я, н.
Абл. Імя, мянушка, прозвішча. — Прозвішча ў яго было Лубнеўскі. А Парыпанам звалі яго.. — Яна [Грасыльда] падумала. — Мусіць, сам ён сабе такое іменне даў... Пташнікаў.