Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трацкі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік трацкізму, прыхільнік яго.

трацкі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трацкізму, трацкіста. Трацкісцкія погляды, Трацкісцкая апазіцыя.

траця́к, ‑а, м.

1. Цяля, жарабя ва ўзросце трох год. Бык-трацяк.

2. Разм. Траціна (у 1 знач.). Едучы зараз побач з дзедам, я папрасіў, каб ён ясней расказаў, якое права мы маем на Абадок і адкуль у пана Ясінскага такія абшары поля і лесу, а ў нас — чацвертакі і трацякі? Якімовіч. [Сям’я Качаргі] жыл[а] на трацяку ў вёсцы, сям я вялікая, свайго хлеба не хапала да каляд. Гурскі. [Раманюк] быў, можа, у сарака дзевак: там давалі воз, там каня, воз і карову, там чацвяртак, найбольш — трацяк зямлі. Карпюк.

3. Разм. Трэцяя частка чаго‑н. (ураджаю, сенакосу і пад.). Вылі там [у Ліпаве] пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. Антось даведаўся, што матку падзялілі панскай зямлёй, а абрабіць яе яна не можа. Засяваюць вяскоўцы на трацяк. Дзве часткі сабе, адна ёй. Чарнышэвіч.

траця́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да трацяк (у 1 знач.).

трашча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. трашчаць (у 1, 2 і 4 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Трашчанне паркецін, мабыць, перашкаджае .. [аднакласнікам] падслухоўваць, што гаворыць Вольга. Кулакоўскі.

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

трашчо́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трашчоткі (у 1 знач.). Трашчотачныя гукі.

трашчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараюць трэск, шум, стук, лёскат. — Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька: — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! Колас. Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі. Чарот. // Ударны музычны інструмент, які складаецца з набору драўляных дошчачак.

2. перан. Разм. Той (тая), хто многа, не сціхаючы, гаворыць; балбатун (балбатуха). — Ды што вам гаварыць, трашчоткам, — стары чамусьці раззлаваўся, махнуў рукой і лёг на печы. Шамякін.

3. Машына для ачышчэння насення лёну.

4. Спец. Прыстасаванне для свідравання адтулін у цяжкадаступных месцах або з вялікім дыяметрам.

трашчэ́нне, ‑я, н.

Злучэнне дзвюх або некалькіх нітак у адну для атрымання суканай пражы.

траю́радны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў сваяцкіх адносінах у трэцім калене па дзеду або бабе, па прадзеду або прабабцы. Траюрадны брат. Траюрадная сястра.