траця́к, ‑а, м.

1. Цяля, жарабя ва ўзросце трох год. Бык-трацяк.

2. Разм. Траціна (у 1 знач.). Едучы зараз побач з дзедам, я папрасіў, каб ён ясней расказаў, якое права мы маем на Абадок і адкуль у пана Ясінскага такія абшары поля і лесу, а ў нас — чацвертакі і трацякі? Якімовіч. [Сям’я Качаргі] жыл[а] на трацяку ў вёсцы, сям я вялікая, свайго хлеба не хапала да каляд. Гурскі. [Раманюк] быў, можа, у сарака дзевак: там давалі воз, там каня, воз і карову, там чацвяртак, найбольш — трацяк зямлі. Карпюк.

3. Разм. Трэцяя частка чаго‑н. (ураджаю, сенакосу і пад.). Вылі там [у Ліпаве] пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. Антось даведаўся, што матку падзялілі панскай зямлёй, а абрабіць яе яна не можа. Засяваюць вяскоўцы на трацяк. Дзве часткі сабе, адна ёй. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)