Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адліва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 1–4 знач.); адліўка.

адліва́ны, ‑ая, ‑ае.

Выраблены ліццём; літы, адліты. Адліваныя кулі. Адліваныя дэталі.

адліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адліцца.

2. Тое, што і адліваць (у 2 знач.). Ужо здалёку відаць вежы цэркваў і касцёлаў, якія золатам у небе адліваюцца. Бядуля.

3. Зал. да адліваць (у 1 знач.).

адліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да адліць (у 1–4 знач.).

2. чым. Даваць водбліск, водсвет; пералівацца колерамі. Вада дрыжала пад ветрам, адлівала ад месяца срэбрам. Чорны. // Моцна свяціцца колерам таго матэрыялу, з якога зроблены, якім пакрыты прадмет. Яркай зелянінай адлівалі палі кукурузы. Шашкоў. // Даваць адценне новага колеру. Шыбы вагонаў у цемры адлівалі цёмна-сіняй мутнай марской гладдзю. Барашка. Плечы і крылы.. [пеўня] адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

адлі́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для адліўкі (у 1 знач.). Адлівачная форма.

адлі́га, ‑і, ДМ ‑лізе; Р мн. ‑ліг; ж.

Пацяпленне пасля марозу зімой, з павышэннем тэмпературы вышэй нуля. З раніцы павеяў заходні вецер, нагнаў хмар і прынёс адлігу. Чарнышэвіч. Адліга. Капае са стрэх, І вецер дзьме вільготны з поўдня, Счарнеў і асядае снег. Грахоўскі.

адлі́жваць, ‑ае.

Незак. да адліжыць.

адлі́жны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца ў выніку адлігі, звязаны з адлігай. [Красана] непакоіла, каб не хлынула адліжная вада на падрыхтаваную пляцоўку. Стаховіч. Заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Шамякін.

адлі́жыць, ‑жыць; безас. зак.

Стаць адліжным (пра цёплае з раставаннем снегу надвор’е). Калі адліжыла і засвяціла сонца, я выняў з акенца салому, каб усім у хляве стала лепш. Брыль.

адлі́к, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адлічыць.