Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ко́нча, прысл.

Абл. Абавязкова. Група салдат і Святлана з Зінай апынуліся ў тылу ворага. Усе салдаты былі паранены. Трэба было конча схавацца. Скрыган.

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

ко́нчык, ‑а, м.

Памянш. да канец (у 1, 5 знач.). // Пра востры ці звужаны канец чаго‑н. Кончык іголкі. Кончык носа. □ Некалькі год назад раней звычайнага — у ліпень — пажоўк кончык вяршаліны [таполі]. Аляхновіч.

ко́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; скончыцца, закончыцца. Канікулы кончыліся. □ Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень. Бажко. // Споўніцца, мінуць. Яму кончылася сем гадоў. // Спыніцца, перастаць. Дождж кончыўся так раптоўна, што не верылася. Карпаў. // Поўнасцю страціцца, расходавацца. Газа ў лямпе кончылася. □ Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Нарэшце лес кончыўся. Колас. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Вайна кончылася перамір’ем. Гульня кончылася перамогай.

3. Разм. Памерці ў пакутах. Седас ледзь не кончыўся, аслабеў, змардаваўся. Чорны.

ко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, а таксама з чым і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Кончыць жніво. Кончыць з рамонтам. Кончыць пісаць. □ Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // што. Поўнасцю расходаваць. Кончыць усё мяса.

2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Кончыць выступленне заклікамі. // Закончыць сваю дзейнасць, жыццё пэўным чынам; зрабіць што‑н. у канцы жыцця. Яшчэ так не было на свеце, Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё. Танк.

3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Кончыць універсітэт.

4. што, а таксама з чым і з інф. Спыніць што‑н.; палажыць канец чаму‑н. Кончыць гулянкі. Кончыць з прагуламі. Кончыць бяздзейнічаць.

5. каго. Разм. Звесці са свету; загубіць.

•••

Дрэнна (кепска) кончыць — пра ганебны канец чыйго‑н. жыцця або дзейнасці.

Кончыць жыццё — памерці.

конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.

2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.

•••

Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.

Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).

Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).

Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.

Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).

Ход канём гл. ход.

ко́нюх, ‑а, м.

Даглядчык коней. Працаваць конюхам. Калгасны конюх. □ Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Чарнышэвіч.

ко́панік, ‑а, м.

Разм. Полаз з дрэва, выкананага з коранем. Тут [у Сымона] ішлі самыя гарачыя дыскусіі на самыя разнастайныя тэмы: з якога дрэва лепш зрабіць капыл, які полаз трывалейшы — гнуты альбо копанік. Лынькоў.

ко́панка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шырокая выкапаная яма, запоўненая вадой; кар’ер, сажалка. [Жабы] увечары спраўлялі хоры па брудных копанках, там, дзе некалі выбралі торф. Грамовіч. Раманюк выганяе гусей у правулак, нават зрабіў для іх копанку. Савіцкі.

ко́паны,

гл. капаны.