Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ко́нтра ​1, ‑ы, ж.

Разм. Нацягнутыя адносіны паміж кім‑н.; узаемная незадаволенасць, раздражнёнасць. — А ты насміхаешся, а ты контры строіш мне... Мурашка.

ко́нтра ​2, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і контррэвалюцыянер. — К-кулацкая душа!.. Контра!.. Мележ.

контраге́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асоба або ўстанова, якія ўзялі на сябе пэўныя абавязкі па дагавору.

[Ад лац. contrahens, contrahentis — які дамаўляецца.]

контраге́нцтва, ‑а, н.

Паўнамоцтвы контрагента.

контрапункты́чны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на правілах кантрапункта.

контрасігна́цыя, ‑і, ж.

Спец. Подпіс афіцыяльнай асобы (напрыклад, міністра) на дакуменце, выдадзеным кіраўніком дзяржавы, які азначае, што дадзеная асоба бярэ па сябе адказнасць за дакумент.

[Ням. Kontrassignation ад лац. contra — супраць і assigno — стаўлю пячатку.]

контрата́ка, ‑і, ДМ ‑тацы, ж.

Сустрэчная атака, якую арганізоўваюць з мэтай адбіць наступленне ворага або перайсці ў наступленне самім. Батальён адбівае немцаў, а ўслед за гэтым па загаду Шутава сам пераходзіць у контратаку. Мележ.

контратакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) контратаку. Контратакаваць ворага. □ [Ермашоў:] Загадваю: падтрымаць роту Наганава, контратакаваць цэнтр нямецкіх пазіцый і сарваць штурм праціўніка. Задача зразумелая? Губарэвіч.

контрафаго́т, ‑а, М ‑гоце, м.

Самы нізкі па рэгістру драўляны духавы музычны інструмент, які гучыць на актаву ніжэй фагота.

[Іт. contrafagotto.]

контрмане́ўр, ‑у, м.

Сустрэчны манеўр, манеўр у адказ. Задача першай стадыі контрманеўру ўдарнай групы Чырвонай Арміі заключалася ў тым, каб.. адкінуць палякаў за Прыпяць. Колас.

контрме́ры, ‑мер; адз. контрмера, ‑ы, ж.

Меры, якія прымаюць у адказ на дзеянні праціўніка. Гестапаўцы неяк пранюхалі аб задуме зняволеных і неадкладна прынялі контрмеры. Пятніцкі.