Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

конарме́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да конарміі.

кона́рмія, ‑і, ж.

Конная армія.

ко́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.

Металічная пасудзіна з ручкай для піцця, звычайна самаробная. З гільзы пустой, у якой некалі смерць начавала, Зроблена добрая конаўка. Танк. — Бяры пі, — маці падала мне конаўку з малаком. Масарэнка.

ко́ндар, ‑а, м.

Вялікая драпежная птушка сямейства амерыканскіх грыфаў з голай галавой і шыяй, якая корміцца пераважна падлай.

[Ісп. condor.]

коне...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «конь», напрыклад: конегадоўля; б) слову «конегадоўчы», напрыклад: конезавод, конесаўгас.

конегадо́вец, ‑доўца, м.

Той, хто займаецца конегадоўляй.

конегадо́ўля, ‑і, ж.

Развядзенне коней як галіна жывёлагадоўлі.

конегадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да конегадоўлі, звязаны з ёю. Конегадоўчая ферма. Конегадоўчая гаспадарка.

ко́нік ​1, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.); невялікі конь. Конік быў не такі ўжо і благі на выгляд. Маленькі, як жарабя, сівай масці. Якімовіч.

2. Дзіцячая цацка, падобная на каня, конскую галаву. Дзеці дзьмуць у .. конікі. Дзірачкі пальчыкамі перабіраюць. Бядуля.

3. Дзіцячая гульня — язда вярхом на палачцы. Гуляць у конікі.

•••

Марскі конік — трапічная і субтрапічная марская рыбка, галава якой падобная на конскую.

Быў конік, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

Выкінуць коніка гл. выкінуць.

ко́нік ​2, ‑а, м.

1. Насякомае, якое скача і стракоча крыламі. Луг зялёны жыццём дыша — Конікі трашчаць. Колас. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой за ўсе бакі пырснулі маленькія конікі. Дуброўскі.

2. Птушка сямейства сітаўкавых.

ко́нікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да коніка ​2. Конікавы строкат. Конікавы піск.