копасклада́льнік, ‑а, м.
Машына, прыстасаванне для складання сена, саломы ў копы.
ко́паць, ‑і, ж.
Асадак дыму; сажа. Сцены ўнутры там-сям былі яшчэ задымлены, але збольшага дажджы ўжо змылі ўедлівую чорную капаць. Мележ. Слуп чорнага дыму падымаўся над лесам і слаўся па балоце густой копаццю. Шамякін.
коп’епадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму, выгляд кап’я. Коп’епадобны ліст. Коп’епадобны ланцэт.
ко́пія, ‑і; Р мн. ‑пій; ж.
1. Новы экземпляр чаго‑н., зроблены дакладна па арыгіналу, тоесны арыгіналу. Копія дыплома. Копія карціны. Зняць копію пасведчання.
2. Разм. Пра каго‑н., вельмі падобнага да каго‑н. другога. Аляксей — .. копія бацькі: такі ж худы, цыбаты, з бледным нервовым тварам. Ракітны.
[Ад лац. copia — мноства, запас.]
ко́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. капаць. Копка бульбы. Копка буракоў.
ко́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памянш. да капа; невялікая капа. На полі ветла, самавіта У рад стаялі копкі жыта, Так аздабляючы загоны. Колас.
ко́пра, ‑ы, ж.
Мякаць какосавага арэха, з якой здабываюць какосавы алей.
[Малайск.]
ко́птур, ‑а і капту́р 2, ‑а, м.
У выразах: з коптурам; з каптуром — вышэй краёў; з верхам. Маруся выйшла і як бач унесла насыпаную з коптурам вазу клубнікі. Лобан. Сабастыян наклаў поўную, нават з каптуром, глыбокую талерку грыбоў. Сабаленка.
ко́пчык, ‑а, м.
Памянш. да капец (у 1, 2 і 3 знач.); невялікі капец. Копчыкамі абмежаваны вялікі кавалак поля — плошча пад калгасны двор. Брыль.
ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.
1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.
2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.
•••
Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).
Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).
Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).
ко́рак, ‑рку і ‑рка, м.
1. ‑рку. Вонкавы адмерлы слой кары некаторых драўняных раслін, асабліва развітай у коркавага дуба.
2. ‑рка. Затычка для бутэлек і іншай падобнай пасуды. Выцягнуць корак з бутэлькі. □ Стрэліў у столь корак, з шыпеннем ударыў пенны фантан нагрэтага віна. Шамякін.