ко́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; скончыцца, закончыцца. Канікулы кончыліся. □ Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень. Бажко. // Споўніцца, мінуць. Яму кончылася сем гадоў. // Спыніцца, перастаць. Дождж кончыўся так раптоўна, што не верылася. Карпаў. // Поўнасцю страціцца, расходавацца. Газа ў лямпе кончылася. □ Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Нарэшце лес кончыўся. Колас. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Вайна кончылася перамір’ем. Гульня кончылася перамогай.
3. Разм. Памерці ў пакутах. Седас ледзь не кончыўся, аслабеў, змардаваўся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)