Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кля́цнуць і кла́цнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не, зак.

Аднакр. да кляцаць, клацаць.

кляцьба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. клясці. Там-сям прарвецца і кляцьба, Скрабецца ў сэрцы нейкі смоўж. Купала.

2. Словы лаянкі, якімі выражаюць пажаданне зла, няшчасця каму‑н.; праклён. У суседак злых смяротнаю кляцьбою Было: «Каб ты па Месяцу хадзіла!». Барадулін.

кля́ча, ‑ы, ж.

Пагард. Пра худога заезджанага каня.

кля́штар, ‑а, м.

Каталіцкі манастыр. Бернардынскі кляштар. □ На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас.

[Ням. Kloster з лац. clastrum.]

кля́штарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кляштара, належыць яму. Кляштарныя муры. Кляштарны сад.

кляшчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. звычайна мн. (кляшчо́ткі, ‑так). Разм. Тое, што і ляшчоткі.

2. Абл. Кусок палкі, расшчэплены з аднаго канца або пасярэдзіне, для сціскання чаго‑н. Кляшчотка была зроблена не на яго хвост — падшывальцы .. ўзялі цяжкае палена, і кот не мог адбегчыся далёка. Чыгрынаў.

кмен і кмін, ‑у, м.

1. Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з прамым, разгалінаваным уверсе сцяблом і белымі або ружовымі кветкамі.

2. зб. Пахучае насенне гэтай расліны, якое змяшчае эфірны алей (скарыстоўваецца пераважна як прыправа). Хлеб з кменам. □ А закусь! Што тут за вяндліна! А паляндвіца, а той сыр? Адна смятана ў ім.. Ды кропкі чорненькія кміну. Колас.

кме́нны і кмі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кмену, кміну. Кменнае насенне. Кмінны пах. // Прыгатаваны з кменам, кмінам. Кменны хлеб. Кмінная гарэлка.

кмет, ‑а і кмець, ‑я, м.

Воін, віцязь, дружыннік у Старажытнай Русі.

кмін,

гл. кмен.