кляшчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. звычайна мн. (кляшчо́ткі, ‑так). Разм. Тое, што і ляшчоткі.
2. Абл. Кусок палкі, расшчэплены з аднаго канца або пасярэдзіне, для сціскання чаго‑н. Кляшчотка была зроблена не на яго хвост — падшывальцы .. ўзялі цяжкае палена, і кот не мог адбегчыся далёка. Чыгрынаў.
кмен і кмін, ‑у, м.
1. Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з прамым, разгалінаваным уверсе сцяблом і белымі або ружовымі кветкамі.
2. зб. Пахучае насенне гэтай расліны, якое змяшчае эфірны алей (скарыстоўваецца пераважна як прыправа). Хлеб з кменам. □ А закусь! Што тут за вяндліна! А паляндвіца, а той сыр? Адна смятана ў ім.. Ды кропкі чорненькія кміну. Колас.
кме́нны і кмі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кмену, кміну. Кменнае насенне. Кмінны пах. // Прыгатаваны з кменам, кмінам. Кменны хлеб. Кмінная гарэлка.
кмет, ‑а і кмець, ‑я, м.
Воін, віцязь, дружыннік у Старажытнай Русі.
кнехт, ‑а, М ‑хце, м.
Парная тумба на палубе судна або на прыстані для замацавання канатаў, тросаў. Прывязаны да масіўнага чыгуннага кнехта тоўсты сталёвы трос, які цягнуўся да суднаў, увесь аж звінеў ад напружання. Краўчанка.
[Гал. knecht.]
кні́га, ‑і, ДМ кнізе, ж.
1. Друкаванае выданне (даўней — рукапіснае) у форме збрашураваных і пераплеценых разам аркушаў з тэкстам і ілюстрацыямі. Пераплёт кнігі. Выдаць кнігу масавым тыражом. Кніга — крыніца ведаў, важнейшы сродак асветы і прагрэсу. / у знач. зб. Кнігу — масам! // Твор больш-менш значнага памеру, надрукаваны або падрыхтаваны да друку асобным выданнем. Напісаць кнігу. Навукова-папулярная кніга. Змест кнігі.
2. Сшытыя, пераплеценыя лісты паперы для якіх‑н. запісаў. Кніга скаргаў і прапаноў. Бухгалтарская кніга. Кніга водгукаў. Кніга ўліку.
3. Адна з некалькіх вялікіх частак навуковага ці літаратурнага твора. Першая кніга дылогіі. Раман у трох кнігах.
4. перан.; чаго. Пра тое, з чаго можна атрымаць якія‑н. звесткі, у чым знайшло адбітак, адлюстраванне што‑н. Кніга жыцця. □ [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Гэта жывая кніга прыроды. Крапіва.
5. звычайна мн. (кні́гі, кніг). Тое, што і кніжка (у 3 знач.).
•••
Галоўная кніга — асноўная бухгалтарская кніга для сістэматычнага запісу ўсіх рахункаў і прыходна-расходных аперацый.
Дамавая кніга — кніга для рэгістрацыі жыльцоў дома.
Шнуравая кніга — уліковая кніга, прашытая шнурам.
кнігаабме́н, ‑у, м.
Узаемная перадача твораў друку з адной бібліятэкі ў другую на пастаяннае карыстанне.
кнігавыдаве́ц, ‑даўца, м.
1. Уст. Уласнік выдавецтва.
2. Той, хто займаецца выданнем кніг.