Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кля́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што і без дап.

Разм. Назойліва прасіць, выпрошваць. Аб чым яшчэ клянчыць, прасіць? Колас.

кляп, ‑а, м.

Кусок дрэва, скамечаная ануча і пад., якія засоўваюцца ў рот жывёле ці чалавеку, каб не даць магчымасці кусацца або крычаць. Падпольшчыкі заткнулі афіцэру рот кляпам, звязалі яму назад рукі. Пятніцкі.

кляпа́льны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з кляпаннем. Кляпальная работа. // Прызначаны для кляпання. Кляпальная машына. Кляпальны малаток.

кляпа́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца кляпаннем.

кляпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляпаць.

кляпа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кляпаць.

2. у знач. прым. Зроблены кляпаннем. Кляпаная труба. Кляпаныя канструкцыі.

кляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і кляплю, клеплеш, клепле; незак., што.

1. Злучаць металічныя часткі заклёпкамі, нітамі. Усё больш завіхаліся [дэпоўцы] ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалі паравозныя печы. Лынькоў.

2. Злучаць металічныя часткі, загінаючы краі і сплюшчваючы іх. Загнуўшы беражкі, Пляскаў, кляпаў, паяў свінцом — Кавалак гільзы стаў карцом. Непачаловіч.

3. Ударамі малатка вастрыць лязо касы. Кляпаць касу.

кля́сер, ‑а, м.

Папка з кішэнькамі або альбом для марак.

[Фр. classeur.]

клясці́, кляну, клянеш, кляне; клянём, кленяце; пр. кляў, ‑ла, ‑ло; незак., каго-што.

Пасылаць праклёны; праклінаць. Клясці цяжкі лёс. Клясці пана. □ — Каб ты здох праз ноч! Каб табе дзюба адсохла! — бывала кляне .. [Васілька], як толькі бусел заклякоча. Крапіва.

клясці́ся, клянуся, клянешся, клянецца; клянёмся, кленяцеся; пр. кляўся, клялася, ‑лося; незак., чым і без дап.

1. Даваць клятву, урачыста абяцаць што‑н.; прысягаць. Клянёмся мы — Радзімы чэсць і славу Цераз баі дастойна пранясём! Бачыла. Сумленнем кляўся чыстым ён, Жыццём ён кляўся чыстым, — Любіць свой край да скону дзён, Як любяць камуністы. Бялевіч. // Разм. Настойліва запэўніваць, пераконваць у чым‑н. Спірыдон кляўся і бажыўся, што куфэрак абы-каму не адкрыць. Асіпенка.

2. Разм. Сварачыся, праклінаць адзін аднаго.