Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кляймо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кляйма; які з’яўляецца кляймом. Кляймовы знак.

кля́кса, ‑ы, ж.

Чарнільная пляма. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў.

кля́мар, ‑а, м.

1. звычайна мн. (кля́мары, ‑аў). Драўляныя пласціны, якія ставяцца з абодвух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання. Узяць сцяну ў клямары.

2. Абл. Спражка на рэмені, папрузе. [Арцыховіч] падперазаўся новай папругай з блішчастым клямарам. Алешка.

кля́мачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клямкі. Клямачны слясак.

кля́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Прыстасаванне, з дапамогай якога адчыняюць і зачыняюць дзверы. [Рашчэня] націснуў на язычок клямкі і крануў локцем брамку. Пальчэўскі. Міхал паціснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч. // Дзвярная зашчэпка, якая надзяваецца на прабой і прыціскаецца замком або затычкай. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.

кляні́на, ‑ы, ж.

Разм. Асобнае дрэва клёна. // Драўніна клёну. Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі! Там многа яблынін на лыжкі, Там ёсць ігруша, і кляніна. Колас.

кляно́вік, ‑у, м.

Разм. Кляновы сок. І дачка з гладыша п’е кляновік нагбом. Аўрамчык.

кляно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да клёна. Кляновы ліст. // Зроблены з клёну. Кляновая лыжка. Кляновая дошка.

2. у знач. наз. кляно́выя, ‑ых. Сямейства дрэў і кустоў, да якога адносяцца клён, явар, чарнаклён і інш.

кляно́к, ‑нка, м.

Памянш. да клён; малады клён.

кля́нчанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. клянчыць.