Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кля́тва, ‑ы, ж.

1. Урачыстае абяцанне, запэўненне. Клятва вернасці. □ Прад народам і радзімай Клятвай вернай, нерушымай Паклянуся я. Колас. Я кожны раз даваў сабе клятву: усе сілы аддаць за справу майго бацькі — старога шахцёра, падпольшчыка... Каваль.

2. Уст. Тое, што і кляцьба (у 2 знач.).

клятвапаруша́льнік, ‑а, м.

Кніжн. Той, хто парушае клятву.

клятвапаруша́льніца, ‑ы, ж.

Кніжн. Жан. да клятвапарушальнік.

клятвапарушэ́нне, ‑я, н.

Кніжн. Парушэнне дадзенай клятвы.

кля́твенны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клятвы; пацверджаны клятвай. Клятвеннае абяцанне.

клятча́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае ўзор, рысунак у клетку. Клятчастая хустка. Клятчастая кашуля.

клятча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Арганічнае рэчыва, з якога складаецца абалонка клетак расліны і якое з’яўляецца сыравінай для многіх прамысловых вырабаў; цэлюлоза.

2. Рыхлая падскурная злучальная тканка ў арганізме чалавека і жывёлы. Тлушчавая клятчатка.

клятча́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і клятчасты. Клятчаты абрус. Клятчатая кепка.

2. Які складаецца з клетак (у 4 знач.). Клятчатая будова рэчыва.

кля́ты, ‑ая, ‑ае.

Якога клялі, пракліналі; ненавісны. Тут пад нагамі была ўжо не падатная багна, не клятая.. чорная гразь, а цвёрды, надзейны грунт. Мележ.

кля́ўза, ‑ы, ж.

1. Уст. Прыдзірлівы дробны судовы іск.

2. Разм. Ілжывая дробязная скарга; нагавор, паклёп.

[Ад лац. clausula — агаворка, дадатковы артыкул.]