Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

клептама́н, ‑а, м.

Той, хто хварэе на клептаманію, схільны да клептаманіі.

клептама́нія, ‑і, ж.

Неадольнае хваравітае імкненне да крадзяжу, якое выклікаецца некаторымі псіхічнымі захворваннямі.

[Ад грэч. kleptō — краду і манія.]

клептама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да клептаман.

клерк, ‑а, м.

Пісар, канторскі служачы ў некаторых капіталістычных краінах.

[Фр. clerc.]

клерыка́л, ‑а, м.

Прыхільнік клерыкалізму, член клерыкальнай партыі.

клерыкалі́зм, ‑у, м.

Рэакцыйны палітычны напрамак у капіталістычных краінах, які імкнецца ўзмацніць уплыў царквы на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё.

[Ад лац. clericalis — царкоўны.]

клерыка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клерыкалізму, клерыкалаў. Клерыкальная партыя. Клерыкальныя погляды.

кле́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да клетка (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Тое, што і клетка (у 3 знач.). Сшытак у клетачку.

кле́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клеткі (у 1, 4 знач.). Клетачнае развядзенне норак. Клетачная абалонка. Клетачны сок.

кле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памяшканне для птушак і жывёлін, сценкі якога зроблены з металічных або драўляных прутоў. Клетка для птушак. Трымаць трусоў у клетцы. // Разм. Малы пакой, цеснае памяшканне. У адной клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла [Наталля] безупынна ісці на змаганне, ухарошваць жыццё кіпучым полымем рэвалюцыйнага натхнення. Гартны. // Тое, што і клець (у 2 знач.). Клетка пад’ёмніка.

2. Спосаб складання дроў, дошак, цэглы і пад. у выглядзе чатырохвугольніка. Клетка цэглы. Злажыць дровы ў клетку.

3. Чатырохвугольнік, нарысаваны, начэрчаны на паверхні чаго‑н. Клетка шахматнай дошкі. Тканіна ў клетку.

4. Элементарная адзінка будовы жывога арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі. Раслінная клетка. Жывёльная клетка.

•••

Грудная клетка — частка шкілета, якая складаецца з рэбраў, грудзіны, пазванкоў і змяшчае ў сабе сэрца, лёгкія, стрававод.

Лесвічная клетка — памяшканне ў доме для лесвіцы.