Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

клеява́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Жан. да клеявар.

2. Пасудзіна для варкі клею.

клеява́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клееварэння, звязаны з ім. Клеяварная вытворчасць.

клеява́рня, ‑і; Р мн. ‑рань; ж.

Памяшканне або прадпрыемства для варкі клею.

клеявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да клею, уласцівы клею. Клеявы спосаб мацавання. Клеявы пах. // Прыгатаваны на клеі, з клеем. Клеявое мыла. Клеявая фарба. // Прызначаны для вырабу клею. Клеявы завод.

клёк, ‑у, м.

Разм.

1. Розум, развага. Ого, Ічэ — галава з мазгамі! Клёк у хлопца ёсць! Шынклер.

2. Жыццёвая сіла; сокі. — Калі ў чалавеку няма ўжо клёку, дык ніхто яму не паможа, — прастагнала Салвесіха. Сабаленка.

клёкат, ‑у, М ‑каце, м.

1. Перарывісты крык, характэрны для некаторых птушак. Бусліны клёкат. □ Гучаць мелодыі, і сэрца рвецца Туды, дзе ружамі цвітуць даліны, Дзе вінаграднік ля дарогі ўецца, А ў небе клёкат чуецца арліны. Гілевіч.

2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей. Клёкат вады.

3. Пра глухія перарывістыя гукі ў горле, грудзях. Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. Караткевіч.

клён, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэвавая або кустовая расліна сямейства кляновых, драўніна якой ідзе на выраб мэблі, музычных інструментаў і пад.

2. ‑у. Драўніна гэтай расліны. Лыжы з клёну. □ Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі. Бядуля.

клёнік, ‑а, м.

Памянш. да клён; малады клён. Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпцы няможна было пераходзіць. Брыль. На пагорку расло шмат дубкоў, клёнікаў, бярозак, дзесяткі дрэўцаў. Ваданосаў.

клённік, ‑у, м., зб.

Кляновы зараснік. [Каза] Спакойна клённікам ідзе, Зялёны ліст смакуе. Барадулін.

клёпачнік, ‑а, м.

Рабочы, які робіць клёпкі.