Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кладаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да кладаўшчык.

кла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. класці (у 7 знач.). Новы метад кладкі. Кладка сцен. // Спосаб размяшчэння паштучнага матэрыялу, які складваецца. Кругавая кладка снапоў. □ Кладка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т. зв. «галандскай», у якой мяшаныя рады чаргуюцца з радамі, пакладзенымі тарчаком. «Помнікі».

2. Частка якой‑н. пабудовы, зложанай з цэглы, каменю. Рабочыя вынялі некалькі цаглін, а затым разабралі ўсю кладку. «Маладосць».

3. Дошка, палена або некалькі пален, пакладзеныя для пераходу цераз раку, балота, гразкае месца і пад. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой, пад імхамі сваёй нагой. Галавач. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. Шамякін.

4. Невялікі драўляны памост на рэчцы, возеры і пад. для чэрпання вады і паласкання бялізны. Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы. Бядуля.

5. Адкладванне яец (у насякомых). Назіранне над кладкай яец матылямі.

кладо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.

Памяшканне для захавання прадуктаў харчавання, тавараў, сыравіны і пад. [Конюх Рыгор] вынес з кладоўкі хамут, падсядзёлак і лейцы. Якімовіч. [Гаспадыня] разам з маслам прынесла з кладоўкі гладышык малака. Пальчэўскі. // перан. Пра тое, што захоўвае ў сабе вялікія багацці, мае важнае значэнне. Падземныя кладоўкі. □ Лес — гэта яшчэ і кладоўка вільгаці і «лёгкія» зямлі — ён ачышчае, фільтруе ад пылу, копаці і гразі паветра. Сачанка.

кла́дчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца кладкай (у 1 знач.).

клады́, ‑оў; адз. няма.

Абл. Могілкі. Яны лагчынку праязджаюць — Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас.

клазе́т, ‑а, М ‑зеце, м.

Уст. Тое, што і ватэрклазет.

[Англ. closet.]

клазе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клазета. Клазетная папера.

клак, ‑а, м.

Тое, што і пыж. Засыпаў [Дзед Талаш] у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас.

кла́ка, ‑і, ДМ клацы, ж., зб.

У капіталістычных краінах — група людзей, якіх наймаюць для стварэння штучнага поспеху або правалу артыста, аратара ці якога‑н. выступлення, спектакля і пад.

[Фр. claque.]

клакёр, ‑а, м.

У буржуазным тэатры — чалавек, наняты для таго, каб гучна апладзіраваць, крычаць, свістаць і тым самым ствараць уражанне поспеху або правалу п’есы, артыста.

[Фр. claqueur.]