Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кі́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, Р мн. ‑шак; ж.

1. Эластычная трубка, якая з’яўляецца часткай стрававальнага апарата ў чалавека і жывёл. Тонкая кішка. Тоўстая кішка.

2. Разм. Рызінавая або брызентавая трубка для падачы вады; рукаў. Нарыхтаваўшы кішку, Пажарнікі збянтэжыліся крышку: А дзе ж пажар? Крапіва.

•••

Абадочная кішка — частка тоўстай кішкі ад сляпой да прамой, якая акружае тонкія кішкі ў выглядзе вобада.

Дванаццаціперсная кішка — частка тонкай кішкі чалавека, якая пачынаецца ад страўніка (назву атрымала ад даўжыні, роўнай 12 пярстам, г. зн. пальцам, у іх папярочніку).

Заварот кішак гл. заварот.

Сляпая кішка — пачатковая частка тоўстага кішэчніка, якая мае чэрвепадобны адростак (апендыкс).

Выматаць (усе) кішкі гл. выматаць.

Выпусціць кішкі гл. выпусціць.

Ірваць кішкі гл. ірваць.

Кішка тонка (тонкая) у каго — не хапае сіл, здольнасцей, сродкаў, каб зрабіць што‑н.

Кішкі марш іграюць — пра моцнае адчуванне голаду, хаценне есці.

Пераесці (ад’есці) кішкі каму гл. пераесці.

кішла́к, ‑а, м.

Паселішча ў Сярэдняй Азіі.

[Цюрк.]

кішла́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кішлака. Кішлачная школа.

кішма́, прысл.

У выразе: кішма кішэць гл. кішэць.

кішмі́ш, ‑у, м.

Сорт вінаграду без костачак, а таксама разынкі з гэтага вінаграду.

[Цюрк.]

кішэ́ннік, ‑а, м.

Разм. Той, хто крадзе з кішэняў; кішэнны злодзей.

кішэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кішэні. Кішэнная тканіна.

2. Прыстасаваны для нашэння ў кішэні. Кішэнны гадзіннік. Кішэнны блакнот.

•••

Кішэнныя грошы гл. грошы.

Кішэнныя расходы гл. расход.

Кішэнны злодзей гл. злодзей.

кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.

3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.

•••

Біць па кішэні гл. біць.

Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.

За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.

Класці (сабе) у кішэню гл. класці.

Набіць кішэнь гл. набіць.

Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.

Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.

Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.

Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.

кішэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш. да кішэнь, кішэня (у 1, 3 знач.).

кішэ́ня,

гл. кішэнь.