Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кішэ́ць, ‑шыць; незак.

1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра мноства жывёлін, людзей). Незлічоныя мільёны мошак Аж кішаць у скошанай траве. Глебка. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры. Хомчанка.

2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот. Поле кішэла людзьмі, як мурашнік мурашкамі. Дуброўскі.

•••

Аж кішыць каго — вельмі многа. Аж кішыць рыбы, — пажартаваў Васіль. — А паспрабуй злаві каторую ўдзень, дык наседзішся... Савіцкі.

Кішма кішэць — тое, што і кішэць (у 1 знач.), толькі з адценнем узмацнення.

кішэ́чнік, ‑а, м.

Частка стрававальнага апарата чалавека і жывёл, якая пачынаецца за страўнікам і заканчваецца прамой кішкай; сукупнасць кішак.

кішэ́чны,

гл. кішачны.

кіяскёр, ‑а, м.

Прадавец у кіёску.

кіяскёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да кіяскёр.

кія́х, ‑а, м.

Абл.

1. Пачатак кукурузы. На стале, засланым святочным абрусам, .. стаялі.. дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха. Шамякін.

2. толькі мн. (кіяхі́, ‑оў). Кукуруза. На агародзе, у кіяшніку [радысты] спыніліся. Кіяхі — як лес. Навуменка.

кія́шнік, ‑у, м., зб.

Абл. Сцёблы кукурузы з лісцем; кукурузныя бадылі. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік,.. [Пятра] аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Шамякін.

клаа́ка, ‑і, ДМ клаацы, ж.

1. Падземны канал для сцёку нечыстот у горадзе. // Памыйная яма.

2. перан. Пра забруджанае памяшканне, засмечанае месца. // Пра амаральнае, разбэшчанае асяроддзе.

3. Вывадная адтуліна, агульная для кішэчніка і мочапалавых органаў (у земнаводных, паўзуноў, птушак, некаторых рыб і аднапраходных млекакормячых).

[Лац. cloaca.]

клаа́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да клаакі. Клаачная адтуліна.

2. у знач. наз. клаа́чныя, ‑ых. Атрад млекакормячых, да якога адносяцца яхідна і качканос; аднапраходныя.

клабу́к, ‑а, м.

Манаскі галаўны ўбор у выглядзе высокай цыліндрычнай шапкі з пакрывалам.

[Ад цюрк. калпак — шапка.]