кла́ксан, ‑а, м.
Механічны сігнальны гудок трактара, аўтамабіля і інш. Жарыкаў не пераставаў сігналіць; клаксан яго машыны падаваў такія трывожныя гудкі, што можна было падумаць — здарылася няшчасце. Асіпенка.
[Англ. klaxon.]
клан, ‑а, м.
Радавая абшчына, род (першапачаткова ў кельцкіх народаў).
[Кельц. clann.]
кла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
каму-чаму і без дап.
1. Рабіць паклоны ў знак прывітання, павагі, удзячнасці. Кланяцца роднай зямлі. □ Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся. Колас.
2. У пісьме або цераз каго‑н. перадаваць прывітанне, выражаць павагу. — Даслоўна, кажу, так і напішы: маёр Пітолін нізка кланяецца табе, бацька, за маё выхаванне. Грамовіч.
3. перан.; каму. Разм. Звяртацца з просьбай, уніжана прасіць аб чым‑н.; пакланяцца. — Давай, Настулька, будзем жыць так, без запісу ў воласці, без шлюбу ў царкве, бо далей я не пайду кланяцца рознаму чорту. Чарот.
•••
Кланяцца ў ногі каму — тое, што і кланяцца (у 3 знач.).
Кланяцца ў пояс — нізка кланяцца.
клапамо́р, ‑у, м.
Сродак для знішчэння клапоў.
кла́пан, ‑а, м.
1. Прыстасаванне ў кампрэсарах, рухавіках ўнутранага згарання і інш. для рэгулявання патоку пары, газу, вадкасці. Засцерагальны клапан.
2. Рухомая накрыўка, з дапамогай якой адкрываецца і закрываецца адтуліна ў музычных духавых інструментах і мяняецца вышыня гуку. // Пласцінка, якая закрывае адтуліну, а таксама гузік клавіша ў гармоніку, аргане.
3. Пласцінка ў сэрцы, якая перашкаджае адваротнаму руху крыві.
4. Нашыўны кусок матэрыі пэўнай формы, які прыкрывае кішэню або шво на адзенні.
[Ням. Klappe.]
кла́панны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клапана. Клапанная адтуліна. // Прызначаны для вырабу клапанаў (у 1 знач.). Клапанная сталь.
клапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; незак.
Разм. Рупліва, старанна займацца чым‑н. Клапатаць каля печы. □ Маленькая Настася бегала ды клапатала, як накарміць сямейку. Лобан.
клапатлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць клапатлівага. Гаспадарская клапатлівасць. □ Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч.
клапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да клопатаў; паглыблены ў клопаты; руплівы. Клапатлівы гаспадар. □ Над пасекай гулі клапатлівыя нястомныя пчолы. Асіпенка. // Які выражае клапатлівасць; заклапочаны, неспакойны. Альбіна, не спускаючы вачэй са Станіслава, заўважыла яго клапатлівы роздум, яго несамавітую ўстрывожанасць, кінулася да яго. Сабаленка.
2. Звязаны з клопатамі, турботамі, які патрабуе клопатаў, турбот. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. // Поўны клопатаў, турбот. Клапатлівая дзейнасць.
клапатны́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Тое, што і клапатлівы (у 2 знач.). Клапатная справа.