ла́павы, ‑ая, ‑ае.
Спец. З лапамі, на лапах (у 3 знач.). Лапавы культыватар.
лапано́сы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З шырокім, пляскатым носам.
лапа́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лапараў. Лапарскае паселішча.
лапары́, ‑оў; адз. лапар, ‑а, м.; лапарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. лапаркі, ‑рак; ж.
Распаўсюджаная ў навуковай літаратуры назва саамаў.
лапа́та, ‑ы, ДМ ‑наце; Р мн. ‑пат; ж.
Драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім плоскім ніжнім канцом для капання, перамяшчэння чаго‑н. Ідзе з лапатай дзядзька з хаты. І адграбае снег заўзята. Колас. Лапата градку ускапала І, нібы люстра, ўся заззяла. Муравейка. // Аб колькасці чаго‑н., змешчанага на лапаце. Лапата пяску.
•••
Грэбці грошы лапатай гл. грэбці.
Хоць лапатай заграбай гл. заграбаць.
лапата́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лапатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
лапатападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які па форме, выгляду нагадвае лапату, падобны на лапату. Лапатападобная барада.
лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.
1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.
2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.
3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.