Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клубі́цца, ‑біцца; незак.

Узнімацца, рухацца клубамі ​2. Дым клубіцца. □ Туман, нібы той дым па роўнядзі рачной клубіцца, коціцца. Сачанка.

клубі́ць, ‑біць; незак.

1. што. Узнімаць клубамі пыл, дым, пару і пад. З-за гор — пражэктары промняў, Туман клубіла цясніна... Лойка.

2. Разм. Тое, што і клубіцца. І клубіў чорны дым, Быццам рой кажаноў ашалелых. Танк.

клубкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і клубісты. Плылі лёгкія, як пух, клубкаватыя воблачкі. Карпаў.

клу́бневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клубня, з клубнямі. Клубневая почка.

клубні́цы, ‑ніц; адз. клубніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, падобная да суніц.

2. Пахучыя і салодкія чырвоныя ягады гэтай расліны.

клубні́чнік, ‑у, м., зб.

Травяністыя кусты клубніц.

клубні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клубніц. Клубнічны ліст. // Прыгатаваны з клубніц. Клубнічнае варэнне.

клубні́чына, ‑ы, ж.

Адна ягада клубніц; клубніца.

клу́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клуба ​1, належыць яму. Клубная работа. Клубная зала. Клубны будынак.

клубняпло́ды, ‑аў; адз. клубняплод, ‑а, М ‑дзе, м.

Харчовыя, кармавыя і тэхнічныя расліны, якія ўтвараюць на падземных сцяблах клубні.