клі́рык, ‑а, м.
Член кліру; царкоўнаслужыцель.
клі́рынг, ‑у, м.
Разлік за прададзены тавар або выкананую работу не наяўнымі грашамі, а ўлікам узаемных абавязкаў і пажаданняў удзельнікаў; безнаяўны разлік.
[Англ. clearing.]
клісці́р, ‑а, м.
Тое, што і клізма. Ставіць клісцір.
[Грэч. klystēr.]
клісці́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клісціру. Клісцірная трубка.
кліч, ‑у, м.
1. Заклік. Як гром пранёсся кліч: — Таварыш, прэч цара! — Далоў вайну! А. Александровіч. Над краінай прагучаў баявы кліч: усё для фронту! Данілевіч.
2. Крык, вокліч. — Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Аднекуль паляцела безліч чаек і сваім сумным клічам абудзіла наваколле. Броўка.
•••
Кінуць кліч гл. кінуць.
клі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Імя, якое даюць свойскай жывёле. Аднаму каню, высокаму і худому, хлопцы ніяк не маглі прыдумаць клічку. — Дон Кіхот! — усклікнуў адзін з іх на ўсю канюшню. Няхай. // Мянушка, якую даюць чалавеку (для жарту, насмешкі, у канспіратыўных мэтах і пад.). Гэта быў адзін з майстроў вялікіх, Звалі яго Люцыян Таполя, А па клічцы проста Багароб. Танк. — У падполлі нельга карыстацца ўласнымі прозвішчамі. Трэба прыдумаць клічкі. Новікаў.
клі́чнік, ‑а, м.
Знак прыпынку (!), які ставіцца ў канцы клічнага сказа.
клі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае заклік, загад і розныя пачуцці. Клічны сказ. Клічная інтанацыя.
2. Які выражае зварот да асобы, прадмета (пра форму, склон назоўніка). Клічны склон.
клішэ́, нескл., н.
1. Рэльефны рысунак, чарцёж, план і пад., зроблены на металічнай або драўлянай дошцы для ўзнаўлення ў друку. Цынкавае клішэ.
2. Хадзячы выраз, збітая фраза.
[Фр. cliché.]
кло́мля, ‑і, ж.
Абл. Рыбацкая снасць накшталт трохвугольнай прызмы, абцягнутай сеткай, з адкрытай бакавой гранню; сак. У кломлю больш трапляла зялёнай, мяккай ціны, .. як той рыбы. Мележ.