Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ланцэ́тнік, ‑а, м.

Паўпразрыстая рыбападобная марская жывёліна тыпу хордавых, хваставы плаўнік якой па форме нагадвае ланцэт.

ланцэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ланцэта. Ланцэтны футляр.

2. Тое, што і ланцэтападобны.

лань, ‑і; Р мн. ‑ней і ‑няў; ж.

Жывёліна роду аленяў, якая вылучаецца стройнасцю цела і хуткасцю бегу. // Самка гэтай жывёлы.

ла́о, нескл., н.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Лаоса.

лао́сец,

гл. лаосцы.

лао́ска,

гл. лаосцы.

лао́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаосцаў, які належыць, уласцівы ім. Лаоская мова.

лао́сцы, ‑аў; адз. лаосец, ‑сца, м.; лаоска, ‑і, ДМ ‑сцы; мн. лаоскі, ‑сак; ж.

Тое, што і лао.

ла́па, ‑ы, ж.

1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.

2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.

3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.

4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.

5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.

•••

Даць (сунуць) у лапу гл. даць.

Запусціць лапу ў што гл. запусціць.

Налажыць лапу на што гл. налажыць.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.

У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).

Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.

Як курыца лапай гл. курыца.

лапаву́хі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікімі адтапыранымі вушамі. Лапавухі сабака. Лапавухі хлапчук. □ У пятлі сядзеў вялізны лапавухі жывы заяц. Дайліда.

2. Лаянк. Някемлівы, непаспешлівы (пра чалавека).