Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

кла́сік, ‑а, м.

1. Выдатны, агульнапрызнаны пісьменнік, дзеяч навукі або мастацтва. Класікі марксізма-ленінізма. Янка Купала, і Якуб Колас — класікі беларускай літаратуры.

2. Прадстаўнік класіцызму (у 1 знач.) у літаратуры і мастацтве.

3. Спецыяліст у галіне класічнай філалогіі. Філолаг-класік. // У дарэвалюцыйнай Расіі — той, хто закончыў класічную гімназію.

[Лац. classicus.]

кла́сіка, ‑і, ДМ ‑сіцы, ж., зб.

Узорныя, класічныя творы літаратуры і мастацтва. Чытаць класіку. Руская оперная класіка.

класіфікава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. класіфікаваць.

класіфікава́цца, ‑куецца; незак.

1. Паддавацца класіфікацыі; размяркоўвацца па класах, разрадах і пад. Мастацкія творы лёгка класіфікуюцца па жанрах.

2. Зал. да класіфікаваць.

класіфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.

Размеркаваць (размяркоўваць) каго‑, што‑н. на класы, групы і пад. па характэрных прыметах або якасцях. Класіфікаваць тыпы ўрокаў. Класіфікаваць расліны.

класіфіка́тар, ‑а, м.

1. Спецыяліст у галіне класіфікацыі. Класіфікатар мінералаў.

2. Апарат для механічнай класіфікацыі здробненай руды, вугалю і інш. зернепадобных мінералаў.

класіфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да класіфікацыі. Класіфікацыйныя прыметы.

класіфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. класіфікаваць. Праводзіць класіфікацыю элементаў.

2. Сістэма размеркавання прадметаў або паняццяў на класы, разрады па агульных характэрных прыметах і якасцях. Класіфікацыя раслін. Класіфікацыя ўрокаў. Класіфікацыя моў.

•••

Дэцымальная сістэма класіфікацыі гл. сістэма.

класіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у мастацкай літаратуры і мастацтве ў 17 — пачатку 19 стст., заснаваны на перайманні антычных узораў і звязаны з сістэмай строгіх правіл у перадачы рэчаіснасці.

2. Сістэма адукацыі, у аснову якой пакладзена вывучэнне лацінскай і старажытнагрэчаскай моў і антычнай культуры.

[Ням. Klassizismus.]

класіцы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік або прадстаўнік класіцызму (у 1 знач.); класік (у 2 знач.)