Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кла́пан, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў кампрэсарах, рухавіках ўнутранага згарання і інш. для рэгулявання патоку пары, газу, вадкасці. Засцерагальны клапан.

2. Рухомая накрыўка, з дапамогай якой адкрываецца і закрываецца адтуліна ў музычных духавых інструментах і мяняецца вышыня гуку. // Пласцінка, якая закрывае адтуліну, а таксама гузік клавіша ў гармоніку, аргане.

3. Пласцінка ў сэрцы, якая перашкаджае адваротнаму руху крыві.

4. Нашыўны кусок матэрыі пэўнай формы, які прыкрывае кішэню або шво на адзенні.

[Ням. Klappe.]

кла́панны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клапана. Клапанная адтуліна. // Прызначаны для вырабу клапанаў (у 1 знач.). Клапанная сталь.

клапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; незак.

Разм. Рупліва, старанна займацца чым‑н. Клапатаць каля печы. □ Маленькая Настася бегала ды клапатала, як накарміць сямейку. Лобан.

клапатлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць клапатлівага. Гаспадарская клапатлівасць. □ Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч.

клапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да клопатаў; паглыблены ў клопаты; руплівы. Клапатлівы гаспадар. □ Над пасекай гулі клапатлівыя нястомныя пчолы. Асіпенка. // Які выражае клапатлівасць; заклапочаны, неспакойны. Альбіна, не спускаючы вачэй са Станіслава, заўважыла яго клапатлівы роздум, яго несамавітую ўстрывожанасць, кінулася да яго. Сабаленка.

2. Звязаны з клопатамі, турботамі, які патрабуе клопатаў, турбот. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. // Поўны клопатаў, турбот. Клапатлівая дзейнасць.

клапатны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і клапатлівы (у 2 знач.). Клапатная справа.

клапату́н, ‑а, м.

Разм. Клапатлівы чалавек. Бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны.

клапату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Жан. да клапатун.

клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.

1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.

3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.

клапі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клапа. Клапіныя плямы.