Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

траўмі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да траўміраваць.

траўмі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Панесці (наносіць) каму‑, чаму‑н. траўму. Траўміраваць нагу. // Вывесці (выводзіць) з раўнавагі, парушыць (парушаць) чый‑н. спакой. — А .. [дачка] абураецца: «Падумай толькі! Гэта ж каб і праўда з кім такое гора было, то хіба можна казаць, чалавека траўміраваць!» Лось.

тра́ўнік, ‑а, м.

Старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін.

тра́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да траўніка. Траўнікавая кніга.

трафарэ́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Пласцінка з металу, кардону, фанеры і пад. з прарэзанымі літарамі, малюнкамі, прызначанымі для нанясення падпісаў на плакаты, малюнкаў на сцены і пад. Трафарэт для плакатаў. // Малюнак, літары і пад., зробленыя з дапамогай такога прыстасавання. Пагоны з жоўтымі трафарэтамі вучылішча акуратна сядзелі на .. плячах [Васіля]. Алешка.

2. ‑у; перан. Раз і назаўсёды прыняты ўзор каго‑, чаго‑н., якога слепа прытрымліваюцца; шаблон. І тут уладальнік шаноўнай лысіны не то што разгубіўся, а праваліў сябе, бо не змог выйсці з прызвычаенага трафарэту сваіх выступленняў. Лынькоў.

[Ад іт. traforetto — прадзіраўленае.]

трафарэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. трафарэціць.

2. Р мн. ‑так. Разм. Тое, што і трафарэт (у 1 знач.).

3. Р мн. ‑так. Спец. Пэндзаль, якім малююць па трафарэце.

трафарэ́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць трафарэтнага (у 2 знач.). Трафарэтнасць мовы.

трафарэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трафарэта (у 1 знач.). Трафарэтная пласцінка. // Прызначаны для работы з трафарэтам. Трафарэтны пэндзаль. // Зроблены пры дапамозе трафарэта. Трафарэтны ўзор.

2. перан. Заснаваны на трафарэце (у 2 знач.); шаблонны. Трафарэтнае пытанне. Трафарэтны выраз. Трафарэтнае рашэнне.

трафарэ́тчык, ‑а, м.

Той, хто працуе з трафарэтам (у 1 знач.).

трафарэ́ціцца, ‑ціцца; незак.

Зал. да трафарэціць.