Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыяме́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыяменту, уласцівы яму (у 1 знач.). Дыяментавы бляск. // Зроблены з дыяменту, упрыгожаны дыяментам. Дыяментавы пярсцёнак.

дыяме́нтны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дыяментавы. На вопратцы блішчалі дыяментныя і з іншых дарагіх камянёў гузікі такой каштоўнасць, што за іх можна было б купіць маёнтак. Бядуля.

дыя́метр, ‑а, м.

Адрэзак прамой, які злучае два пункты акружнасці і праходзіць праз яе цэнтр. Дыяметр круга. // Папярочнік любога круглага цела, плошчы, прасторы. Дыяметр шара.

[Ад грэч. diámetros — папярочнік.]

дыяметра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзеліць папалам па лініі дыяметра, папярочніка. Дыяметральная плоскасць.

2. перан. Поўны, крайні. Дыяметральная процілегласць.

дыяпазіты́ў, ‑тыва, м.

Фатаграфічны пазітыўны здымак на шкле або празрыстай плёнцы, які разглядаецца на прасвет або праектуецца на экран.

[Ад грэч. diá — праз і лац. positivus — дадатны.]

дыяпазіты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыяпазітыва. Дыяпазітыўныя пласцінкі.

дыяпазо́н, ‑у, м.

1. Сукупнасць усіх гукаў ад ніжэйшага да вышэйшага, даступная якому‑н. музычнаму інструменту або чалавечаму голасу. Дыяпазон голасу. Дыяпазон спевака.

2. перан. Аб’ём, размер чаго‑н. Дыяпазон інтарэсаў. Дыяпазон ведаў. // Шырыня здольнасцей, размах дзейнасці. Творчы дыяпазон артыста.

[Ад грэч. diá pasōn — праз усе (струны).]

дыяпрае́ктар, ‑а, м.

Праекцыйны ліхтар для паказу дыяпазітываў; дыяскапічны праектар.

дыяптры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыёптра. Дыяптрычны тэлескоп.

дыяра́ма, ‑ы, ж.

1. Від выяўленчага мастацтва, у якім жывапісная карціна вялікіх памераў дапаўняецца аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетам, а таксама твор гэтага мастацтва.

2. Карціна, выкананая на празрыстай тканіне або шкле і спецыяльна асветленая для стварэння ўражання аб’ёмнасці.

[Ад грэч. diá — праз, скрозь і hórama — карціна, відовішча.]