Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

імша́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мохавы.

імша́ра, ‑ы, ж.

Мохавае балота. Па імшарах тонкіх — Журавінаў жар. Звонак.

імша́рына, ‑ы, ж.

Тое, што і імшара. Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем. Лынькоў. Цвітуць верасы, на балотных імшарынах шчодра высыпалі журавіны. Навуменка.

імшы́сты, ‑ая, ‑ае.

Дарослы мохам. Імшыстае балота. Імшысты дол. Імшысты камень.

імшы́цца, імшыцца; незак.

Зал. да імшыць.

імшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., што.

Перакладваць мохам бярвёны, ставячы цёплы будынак. Імшыць хату. □ Вось і хата: дзед яшчэ імшыў Зруб яе смалісты, сукаваты. Танк.

імя́, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. □ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. □ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

імяні́ннік, ‑а, м.

1. Чалавек у дзень сваіх імянін або ў дзень свайго нараджэння. Уручыць імянінніку падарунак.

2. перан. Жарт. Герой дня. Апошнія дні ў дзетдоме яны былі імяніннікамі. Не дзяжурылі на кухні, не мылі калідораў. Нядзведскі.

імяні́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да імяніннік.

імяні́нны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, робіцца ў гонар імянін. Імянінны абед.