Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

інварыя́нтнасць, ‑і, ж.

Нязменнасць, пастаянства пры пераўтварэннях, пры пераходзе да новых умоў. Інварыянтнасць фізічных законаў.

інварыя́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца, характарызуецца інварыянтнасцю. Інварыянтнае значэнне слова. Інварыянтныя сувязі.

інвекты́ва, ‑ы, ж.

Кніжн. Рэзкае выступленне, выпад супраць каго‑, чаго‑н.

[Ад лац. invectiva oratio — лаянкавая прамова.]

інвента́р, ‑у, м.

1. Сукупнасць прадметаў, прылад, якія складаюць маёмасць прадпрыемства, установы, арганізацыі. Спартыўны інвентар. Школьны інвентар. // Прылады сельскагаспадарчай вытворчасці. Сельгасарцелі дзейна рыхтуюцца да праверкі — ачышчаюць насенне, рамантуюць інвентар, машыны, вывозяць на палі ўгнаенне. Арочка. — Інвентар гатовы: плугі, бароны ўжо адрамантавалі. Васілевіч.

2. Вопіс маёмасці, рэестр. Скласці інвентар.

•••

Жывы інвентар — цяглавая і малочная жывёла.

Мёртвы інвентар — прылады працы, перавозачныя сродкі і іншая маёмасць.

[Лац. inventarium.]

інвента́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інвентару. Інвентарны нумар. Інвентарная кніга. Інвентарны спіс.

інвентарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) інвентарызацыю. Інвентарызаваць кнігі. Інвентарызаваць маёмасць.

інвентарызацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інвентарызацыі. Інвентарызацыйная ведамасць. Інвентарызацыйная камісія.

інвентарыза́цыя, ‑і, ж.

Праверка наяўнасці і стану маёмасці прадпрыемства, установы, арганізацыі шляхам падліку, вопісу яе. Інвентарызацыя школьнай маёмасці.

інверсі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інверсіі, з’яўляецца інверсіяй. Інверсійны парадак слоў у сказе.

інве́рсія, ‑і, ж.

Змяненне звычайнага парадку слоў у сказе для падкрэслівання сэнсавай значнасці якога‑н. слова або надання ўсёй фразе пэўнай стылістычнай афарбоўкі.

[Лац. inversio — перастаноўка.]