Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

іна́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Абл. Рабіцца інакшым, другім; змяняцца. Гэта не той быў Станіслаў, што тады ў парку. Той быў мяккі, ласкавы, лагодны. А гэты — нейкі афіцыйны, надзьмуты, як індык. Хіба можа так чалавек іначыцца? Сабаленка.

іна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Абл. Рабіць інакшым, другім; змяняць. І па-свойму, хоць памры, Усё [цешча] іначыць. Дзяргай.

інвазі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інвазіі. Інвазійныя хваробы.

інва́зія, ‑і, ж.

Заражэнне чалавека, жывёл і раслін паразітамі жывёльнага паходжання.

[Лац. invasio — напад.]

інвалі́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Чалавек, які поўнасцю або часткова страціў працаздольнасць у выніку ранення, знявечання ці хваробы. Інвалід працы. Інвалід другой групы.

[Лац. invalidus — бяссільны, слабы.]

інвалі́днасць, ‑і, ж.

Стан інваліда; непрацаздольнасць. Дэмабілізавацца па інваліднасці. Пенсія па інваліднасці. Мець інваліднасць.

інвалі́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інваліда; прызначаны для інвалідаў. Інвалідны дом. Інвалідная арцель. Інвалідная каляска.

інвалюцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да інвалюцыі. Інвалюцыйны працэс.

інвалю́цыя, ‑і, ж.

Спец. Адваротнае развіццё; завяданне. Працэсы інвалюцыі арганізма.

[Ад лац. involutio — згортванне.]

інва́р, ‑у, м.

Сплаў жалеза і нікелю, які мае вельмі малы каэфіцыент цеплавога расшырэння (ужываецца для вырабу дэталей дакладных вымяральных прыбораў).

[Англ. invar.]