імя, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. ▪ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. ▪ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)