Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыфтэры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Разм. Тое, што і дыфтэрыя.

дыфтэры́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да дыфтэрыту.

дыфтэры́я, ‑і, ж.

Вострая заразная хвароба, пераважна дзіцячая, якая суправаджаецца запаленнем зева, слізістых абалонак носа, гартані і агульным атручэннем арганізма. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.

[Грэч. dyphthérion.]

дыфу́зар, ‑а, м.

1. Тое, што і дыфузійны апарат (гл. апарат).

2. Расшыраная частка трубы, канала і пад., у якой адбываецца запавольванне руху вадкасці або газу і ўзрастанне ціску.

3. Папяровая або шаўковая мембрана для ўзмацнення гуку ў бязрупарных гучнагаварыцелях. Дыфузар дынаміка.

дыфузі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыфузіі.

•••

Дыфузійны апарат гл. апарат.

дыфу́зія, ‑і, ж.

Узаемнае пранікненне атамаў (малекул) аднаго рэчыва ў прамежкі паміж атамамі (малекуламі) другога ў выніку іх цеплавога руху. Дыфузія вадкасцей. Дыфузія газаў. // перан. Узаемны абмен, пранікненне без уздзеяння знешніх сіл. Сумеснае жыццё мае польскага і беларускага Народаў прывяло да дыфузіі фальклорных матэрыялаў. Лойка.

[Ад лац. diffusio — распаўсюджанне, расцяканне.]

дыфу́зны, ‑ая, ‑ае.

Атрыманы шляхам дыфузіі; змешаны. Дыфузнае рэчыва. // перан. Рассеяны, расплыўчаты. Дыфузная туманнасць.

дыфундзі́раваць, ‑руе; зак. і незак.

Пранікнуць (пранікаць) шляхам дыфузіі.

дых, ‑у, м.

Разм. Дыханне. Хацелася крыкнуць, але перахапіла дых і адно толькі варухнуліся губы, а слоў ніякіх не атрымалася. Сабаленка.

•••

Адным дыхам (духам) — за адзін раз, вельмі хутка.

Затаіць дых гл. затаіць.

Ні слыху, ні дыху гл. слых.

ды́хавіца, ‑ы, ж.

1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.

2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.