адгружа́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да адгружаць.
адгружа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгрузіць.
адгрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., што.
Пагрузіўшы, падрыхтаваць да адпраўкі. У гэтым месяцы завод павінен адгрузіць Індыі тры плоскашліфавальныя станкі. «Звязда».
адгру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адгружаць — адгрузіць.
адгруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Разм. Перастаць грукатаць. Калі адгрукочуць трамваі і самазвалы, Пагаснуць у інтэрнатах запозненыя агні, Па Мінску задумліва крочыць Янка Купала, Радкі ненапісаных вершаў шэпчучы ў цішыні. Бураўкін. // перан. Прайсці, мінуцца. Калі паўвека мерна адгрукоча І ўжо не так бурліць у жылах кроў, І шлях жыццёвы, і сваіх сяброў Хто прыгадаць у цішыні захоча, Няхай жа той ніколі не забудзе Квяцістую дарогу ў родны дом. Хведаровіч.
адгрукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак.
Разм. Тое, што і адгрукатаць.
адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.
2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.
3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.
4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.
адгрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгрызці.
адгры́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адгрызці.
адгры́зці, ‑грызу, ‑грызеш, ‑грызе; ‑грызём, ‑грызяце; зак., што.
Грызучы, аддзяліць, ад’есці. Бярэ .. [хлопец] гэту цыгарышчу і ажно сапе. Шмаргануў носам і адгрыз канчурык. Грамовіч.