Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

адгусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце; зак.

Перастаць гусці. Колькі-колькі над пільняй гудкоў адгуло. Зарыцкі. Маўчаць кулямёты, І міны не выюць. Гарматы сваё адгулі. Броўка. // перан. Прайсці, мінуцца. Пазіцыі аглядвае [абеліск], Дзе бітвы адгулі, Герояў мужных згадвае, што з бою не прыйшлі. Калачынскі. Багата адгуло паводак і адцвіло на лузе траў. Вялюгін.

адгуча́ць, ‑чыць; зак.

Перастаць гучаць. Песня адгучала.

адгу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Скончыць гушкаць. Адгушкалі нівы... У лузе, за стагамі, Блукаў я, нібы жнівень, з мокрымі нагамі. Тармола.

адгы́рквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адгыркнуцца.

адгы́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Груба, рэзка, злосна адказаць на якое‑н. пытанне, заўвагу. — Папомніш ты, хамуйла! — ціхенька адгыркнуўся Махлярчык... Гарэцкі.

адгэ́туль, прысл.

З гэтага месца; ад гэтага месца, адсюль, з гэтай мясцовасці. Што, дзед, да Праглай адгэтуль далёка? — спытаўся камбрыг. — Адгэтуль трэба пад сонца ісці. Брыль. [Лабановічу] стала цяпер ясным і зразумелым, чаму.. [Ядвіся] так рвалася адгэтуль хоць на колькі тыдняў... Колас.

аддава́цца, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся, ‑даюцца; незак.

1. Незак. да аддацца.

2. Зал. да аддаваць.

аддава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце, ‑даюць; незак.

1. Незак. да аддаць (у 1–7, 9 знач.).

2. чым. Мець які‑н. прысмак, пах, колер чаго‑н. пабочнага. Вада аддае балотам. □ Хлеб пахне троху вугалем і аддае крыху ад яго і магутным пахам. Лынькоў. // перан. Разм. Нагадваць што‑н., мець адценне, рысы чаго‑н. іншага, сведчыць пра наяўнасць чаго‑н. Аддаваць літаратуршчынай. □ Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Шамякін. Шмат якія куткі былі тут [на Беларусі] падобны да яго [Андрэя Мішурына] роднай Смаленшчыны, і толькі смуга па адкрытых даляглядах была як бы танчэйшая і аддавала сінявасцю. Чорны.

адда́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аддаць.