Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ізраільця́нка,

гл. ізраільцяне.

ізумру́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Каштоўны празрысты камень ярка-зялёнага колеру; смарагд. Бранзалет з ізумрудам. □ А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Зялёны ізумруд. Зарыцкі.

ізумру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ізумруду. Ізумрудныя капальні. Ізумрудны бляск. // Зроблены з ізумруду; з ізумрудам (ізумрудамі). Ізумрудны пярсцёнак.

2. Колеру ізумруду, ярка-зялёны. Нясмела паблісквае ізумруднае лісце, сарамліва хаваючы бледную чырвань брусніц. Лынькоў.

ізю́бр, ‑а, м.

Млекакормячая жывёліна сямейства аленевых, якая водзіцца ў горных лясах Далёкага Ўсходу; разнавіднасць марала.

ізю́бравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ізюбра. Ізюбравыя рогі. // Зроблены са скуры ізюбра. Ізюбравая куртка.

іканабо́рац, ‑рца, м.

Гіст. Прыхільнік іканаборства.

іканабо́рскі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да іканаборца, іканаборства.

іканабо́рства, ‑а, н.

Гіст. Грамадскі рух у Візантыі ў 8–9 стст. супроць уціску царквы і манастырскага землеўладання, які праходзіў пад знакам барацьбы супроць пакланення іконам.

іканаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іканаграфіі. Іканаграфічнае выданне. Іканаграфічныя матэрыялы.

іканагра́фія, ‑і, ж.

1. Сістэматычнае вывучэнне і апісанне мастацкіх палотнаў, прысвечаных якой‑н. тэме або асобе, вытлумачэнне іх сэнсу, сімволікі і пад.

2. зб. Сукупнасць мастацкіх палотнаў, аб’яднаных адной тэмай, сюжэтам.

[Ад грэч. eikōn — малюнак, выраз і graphō — пішу.]