Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

казыта́цца, казычуся, казычашся, казычацца; незак.

Тое, што і казытаць (у 1 знач.). У шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках. Брыль.

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

казытлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Адчувальны да козыту. Казытлівае месца.

2. Які казыча, выклікае козыт. Трапіць [снег] на шчаку і адразу растае, расплываецца казытлівым халадком. Лынькоў.

казытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Аднакр. да казытаць.

казю́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Абл. Казяўка, кузурка. Да звычайнага, векавога жыцця лесу — жыцця раслін, птушак, розных мошак і казюлек — цяпер.. дадалося новае жыццё лясных людзей. Кавалёў.

казю́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Абл. Казяўка, кузурка. Па сухой сцяблінцы.. узбіралася нейкая казюрка. Лынькоў.

казяле́ц, ‑льцу, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых, звычайна з жоўтымі кветкамі.

казяльцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да казяльцу. Казяльцовае лісце.

2. у знач. наз. казяльцо́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца казялец, кураслеп, пралеска і інш.

казяро́г, ‑а, м.

1. Дзікі горны казёл з вялікімі рагамі.

2. Адно з 12 сузор’яў задыяка.

[Пераклад з лац. capricornus — літаральна «рог казы».]

казя́ўка, ‑і, ДМ ‑зяўцы; Р мн. ‑зявак; ж.

Усякае маленькае насякомае; кузурка. Аб фару стукнулася нейкая казяўка велічынёй з жука і немаведама дзе дзелася. Ермаловіч. // перан. Пра нікчэмнага чалавека. — Класавая помста? — нашто помста? Гэта задужа вялікі гонар для такой казяўкі. Галавач.