Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ізалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.

1. Адасобіць (адасабляць), аддзяліць (аддзяляць) ад навакольнага асяроддзя, абставін, умоў і пад. Дзверы не адчыняліся. Аўтаматычныя рэле пасля ўдару герметычна ізалявалі бібліятэку ад астатніх памяшканняў. Шыцік.

2. Змясціць (змяшчаць) асобна, пазбавіць (пазбаўляць) кантактаў з кім‑н. Ізаляваць злачынца. □ Пакуль хвароба не пашыралася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. — Я вас не арыштоўваў, а толькі ізаляваў на некаторы час. Чарнышэвіч.

3. Пакрыць ізаляцыяй (у 3 знач.). Ізаляваць электрычны провад.

[Ад фр. isoler.]

ізаля́тар, ‑а, м.

1. Рэчыва, якое не праводзіць электрычнага току, цеплыні або не прапускае гукаў.

2. Дэталь для замацавання і ізаляцыі праваднікоў. Фарфоравы ізалятар.

3. Асобнае, спецыяльна прыстасаванае памяшканне (у бальніцах, санаторыях і пад.) для хворых з нераспазнанымі або заразнымі хваробамі. Перавесці ў ізалятар. Пакласці ў ізалятар.

4. Камера для аднаго чалавека ў турме. Перадалі, каб і тыя, што сядзяць у ізалятарах, выходзячы на прагулку, таксама мелі чырвоныя банцікі. Машара.

ізаля́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ізалятара. Ізалятарны матэрыял. Ізалятарны завод. Ізалятарны рэжым.

ізаляцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ізаляцыі. Ізаляцыйная стужка. Ізаляцыйная камера.

ізаля́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ізаляваць; ізаляванне. Ізаляцыя інфекцыйна хворых. Закончыць ізаляцыю электраправодкі.

2. Стан паводле знач. дзеясл. ізалявацца; раз’яднанасць з іншымі, ізаляванае становішча.

3. Рэчыва, матэрыял, якімі ізалююць што‑н.; ізалятар (у 1 знач.). Ахаваць правады двайной ізаляцыяй.

[Фр. isolation — адасабленне, раз’яднанне.]

ізаляцыяні́зм, ‑у, м.

Палітыка дзяржаўнай замкнёнасці, адасобленасці. // Палітычная плынь у ЗША, якая ўзнікла ў 19 ст. і развівалася пад лозунгам неўмяшання ў еўрапейскія справы.

ізаляцыяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік ізаляцыянізму.

ізаляцыяні́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ізаляцыянізму, ізаляцыяніста. Ізаляцыянісцкая палітыка.

ізамарфі́зм, ‑у, м.

Здольнасць рэчываў, аналагічных па хімічнаму саставу і крышталічнай форме, сумесна выдзяляцца з раствору ў выглядзе аднародных крышталяў пераменнага саставу.

[Ад грэч. isos — роўны, аднолькавы і morphē — форма.]

ізаме́ры, ‑аў; адз. ізамер, ‑а, м.

Хімічныя злучэнні з аднолькавым саставам і малекулярнай масай, але з рознымі фізічнымі і хімічнымі ўласцівасцямі.

[Ад грэч. isos — роўны, аднолькавы і meros — частка, доля.]