Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.

1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.

2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.

3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.

хвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.

1. Выклікаць вагальны рух, ад якога ўтвараюцца хвалі. Вецер хваляваў паверхню вады. // перан. Выклікаць рух, падобны на хваляванне паверхні вады. А вецер хвалюе ў бязмежным прасторы Духмянага жыта шумлівае мора. Хведаровіч. // Хвалявацца (у 1 знач.). Шуміць вада, хвалюе мора, Мой човен шпарка ўдаль ляціць. Гурло. Вось шырокім залацістым возерам паміж лесу ледзь-ледзь хвалюе жыта. Мурашка.

2. Прыводзіць у трывожны, узбуджаны стан; непакоіць. Адначасовы ўзлёт мноства самалётаў заўсёды хваляваў Смірына. Алешка. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца, ён да вайны цераз гэта зусім не працаваў. Яго стараюцца аберагаць, не хваляваць нічым. А тут такая бяда! Мележ.

3. Падбухторваць, схіляць да хваляванняў (у 3 знач.); выклікаць хваляванні (у 3 знач.). Хваляваць народ. □ Народная па духу і форме, [паэзія] хвалявала шырокія масы, натхняла на барацьбу за лепшае будучае. У. Калеснік.

хваляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Канал, уздоўж якога распаўсюджваюцца электрамагнітныя (радыёхвалявод) або гукавыя (акустычны хвалявод) хвалі.

хваляло́м, ‑а, м.

Тое, што і хвалярэз.

хваляме́р, ‑а, м.

1. У радыётэхніцы — прыбор для вымярэння даўжыні электрамагнітных хваль.

2. У марской справе — прыбор для вызначэння вышыні, даўжыні і перыяду марскіх хваль, а таксама хуткасці і кірунку іх распаўсюджання.

хвалярэ́з, ‑а, м.

Спец. Гідратэхнічнае збудаванне (дамба, вал і пад.), якія ахоўваюць месца стаянкі суднаў ад дзеяння хваль. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Сцяна — калісьці магутная, з байніцамі і хвалярэзамі з нахіленых паляў. Аб вострыя, калісьці грозныя, канцы іх мірна плёхаюць узнятыя ветрыкам, хвалі. Брыль.

хварава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім здаровы, амаль хворы.

хвараві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хваравітага. І на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п’янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. Колас.

хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.

2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.

3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.

хваро́ба, ‑ы, ж.

1. Парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Дзіцячыя хваробы. Заразныя хваробы. □ Урач бачыла, што хлопчык ідзе на папраўку, ды вельмі ж марудна пакідала яго шчупленькае цела хвароба. Даніленка. Хвароба сваёй хаты не мае, а па людзях ходзіць. Прыказка.

2. перан. Недахоп. Нявытрыманасць — гэта яго хвароба.

•••

Венерычная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца ў асноўным цераз палавыя органы: сіфіліс, ганарэя, шанкер.

Гіпертанічная хвароба — захворванне, якое выяўляецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах.

Гісторыя хваробы гл. гісторыя.

Горная хвароба — хваравіты стан, калі моташна, кружыцца галава і пад. пры пад’ёме на значную вышыню.

Жаночыя хваробы — спецыфічныя для жанчын захворванні, звязаныя з асаблівасцямі жаночага арганізма.

Кесонная хвароба — захворванне, якое ўзнікае пры хуткім выхадзе з асяроддзя з павышаным атмасферным ціскам у асяроддзе з больш нізкім ціскам (у вадалазаў, касманаўтаў).

Марская хвароба — выкліканы гайданкай хваравіты стан, які суправаджаецца болем галавы, моташнасцю.

Падучая хвароба (разм.) — эпілепсія.

Прамянёвая хвароба — захворванне, якое выклікаецца дзеяннем радыеактыўных рэчываў.

Слановая хвароба — тое, што і слановасць.

Сонная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца моцнай санлівасцю.

Унутраныя хваробы — хваробы ўнутраных органаў.

Хваробы росту — цяжкасці, якія ўзнікаюць у перыяд развіцця або асваення чаго‑н. новага (у вытворчасці, грамадскім жыцці і пад.).

Цукровая хвароба — тое, што і цукровы дыябет (гл. дыябет).

Язвавая хвароба — агульнае хранічнае захворванне, якое суправаджаецца ўзнікненнем язваў на сценках страўніка і дванаццаціперснай кішкі.

Да хваробы (груб.) — вельмі многа.

Панская хвароба — а) прытворная, несур’ёзная хвароба; б) недахопы, якасці, уласцівыя панам. [Засцянкоўцы] і фанабэрыстыя, і скупыя, і хварэюць на панскія хваробы: звысака глядзяць на тых, хто бяднейшы за іх. Якімовіч.

Як хваробе кашаль гл. кашаль.