хвароба, ‑ы, ж.
1. Парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Дзіцячыя хваробы. Заразныя хваробы. ▪ Урач бачыла, што хлопчык ідзе на папраўку, ды вельмі ж марудна пакідала яго шчупленькае цела хвароба. Даніленка. Хвароба сваёй хаты не мае, а па людзях ходзіць. Прыказка.
2. перан. Недахоп. Нявытрыманасць — гэта яго хвароба.
•••
Венерычная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца ў асноўным цераз палавыя органы: сіфіліс, ганарэя, шанкер.
Гіпертанічная хвароба — захворванне, якое выяўляецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах.
Гісторыя хваробы гл. гісторыя.
Горная хвароба — хваравіты стан, калі моташна, кружыцца галава і пад. пры пад’ёме на значную вышыню.
Жаночыя хваробы — спецыфічныя для жанчын захворванні, звязаныя з асаблівасцямі жаночага арганізма.
Кесонная хвароба — захворванне, якое ўзнікае пры хуткім выхадзе з асяроддзя з павышаным атмасферным ціскам у асяроддзе з больш нізкім ціскам (у вадалазаў, касманаўтаў).
Марская хвароба — выкліканы гайданкай хваравіты стан, які суправаджаецца болем галавы, моташнасцю.
Падучая хвароба (разм.) — эпілепсія.
Прамянёвая хвароба — захворванне, якое выклікаецца дзеяннем радыеактыўных рэчываў.
Слановая хвароба — тое, што і слановасць.
Сонная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца моцнай санлівасцю.
Унутраныя хваробы — хваробы ўнутраных органаў.
Хваробы росту — цяжкасці, якія ўзнікаюць у перыяд развіцця або асваення чаго‑н. новага (у вытворчасці, грамадскім жыцці і пад.).
Цукровая хвароба — тое, што і цукровы дыябет (гл. дыябет).
Язвавая хвароба — агульнае хранічнае захворванне, якое суправаджаецца ўзнікненнем язваў на сценках страўніка і дванаццаціперснай кішкі.
Да хваробы (груб.) — вельмі многа.
Панская хвароба — а) прытворная, несур’ёзная хвароба; б) недахопы, якасці, уласцівыя панам. [Засцянкоўцы] і фанабэрыстыя, і скупыя, і хварэюць на панскія хваробы: звысака глядзяць на тых, хто бяднейшы за іх. Якімовіч.
Як хваробе кашаль гл. кашаль.