Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвілі́на, ‑ы, ж.

1. Тое, што і мінута (у 1 знач.). [Пятро:] — Да пасадкі заставалася хвілін дзесяць палёту. Мележ. Конан махнуў рукою: у нашым вясковым жыцці пяць хвілін — не час. Лобан.

2. Кароткі прамежак часу; момант, імгненне. Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца Пад ветрам асіны над скошанай пожняю. Панчанка. Хурс цяпер цёрся каля ўсялякіх інтэнданцкіх кіраўніцтваў, .. але ні на хвіліну не спускаў вока з глухіх дарог. Чорны. // якая або чаго. Пэўны, чым‑н. прыкметны прамежак часу. [На плошчу] і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну. Колас. Цяжкая хвіліна расставання заўсёды хвалюе. Няхай.

•••

З хвіліны на хвіліну — скора, вось-вось.

У адну хвіліну — вельмі хутка.

Хвіліна ў хвіліну — у час, у дакладна ўстаноўлены тэрмін.

хвілі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да хвіліна.

•••

Адну хвілінку — просьба трохі пачакаць.

На хвілінку — на кароткі час, ненадоўга.

хвілі́нны, ‑ая, ‑ае.

Кароткачасовы, які хутка праходзіць. Глухі стогн прарэзаў хвілінную цішыню. Лынькоў. Але .. [Максім] ужо ўзяў сябе ў рукі, і вытрымка.. узяла верх над хвіліннай слабасцю. Машара.

хві́ля, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і хвіліна. У полымя бітвы ішлі вы [воіны] рашуча, А сэрца не знала ні хвілі спакою. Броўка. Усё жыццё.. [Тэкля] была загнана ўсімі, і калі нават бывалі хвілі радасці, то вочы не пакідалі выразу вечнага смутку. Бядуля.